16 кастрычніка ў Мінску праходзіць форум «Палітвязні Беларусі».

На ім абмяркоўваюцца магчымыя захады беларускіх і замежных структур для найхутчэйшага вызвалення палітвязняў, прыцягнення ўвагі грамадскасці да тэмы палітзняволеных, што, на думку арганізатараў, асабліва значна напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

У аргкамітэт форуму ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, БХД, грамадскіх арганізацый Рух «За Свабоду», «Малады фронт», «Альтэрнатыва», «Еўрапейская Беларусь», «Разам», праваабарончай групы «За Волю» і кампаніі «Гавары праўду».

«Апошнім часам вострая для Беларусі тэма палітвязняў чамусьці адышла на другі план, — адзначыў прадстаўнік БХД Павел Севярынец. — Еўрапейскія палітыкі пасля Украіны сустракаюцца з Лукашэнкам, вядуць з ім перамовы, забыўшы пра тое, што папярэдняй ўмовай дыялогу было вызваленне палітвязняў. Беларускае грамадства забываецца на гэтую тэму, і галоўная задача форуму — на ўвесь голас сказаць, што ў Беларусі ёсць палітвязні, яны зараз церпяць і пакутуюць, да некаторых з іх прымяняюцца катаванні. Больш за тое, у Беларусі з`яўляюцца новыя палітвязні, як, напрыклад, Юрый Рубцоў. Еўрапейскім палітыкам трэба нагадаць, што дыялог з Лукашэнкам паводле ўсіх пастаноў еўрапейскіх інстытутаў мусіць весціся пасля вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных». 

Паводле слоў палітыка, акрамя таго ёсць яшчэ шмат людзей, асуджаных за эканамічныя злачынствы, у якіх празмерныя пакаранні і якія насамрэч сядзяць па палітычных прычынах. «Таму гэта справа не толькі сямі альбо васьмі чалавек, гэта агульнацыянальная праблема, — лічыць Севярынец. — Праз кожнага з палітвязняў рэжым усталёўвае бар`ер страху, і беларусы, гледзячы на тых, хто за свае перакананні гады праводзіць у турме, баяцца выяўляць сваю пазіцыю, баяцца дзейнічаць. На гэта і разлічана тое, што палітвязні застаюцца ў турме».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?