Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка падпісаў указ пра абвяшчэнне 2015 года Годам моладзі.
«Дакумент прыняты ў мэтах развіцця творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу моладзі, яе актыўнага прыцягнення да правядзення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у Беларусі, выхавання пачуцця патрыятызму і грамадзянскай адказнасці ў маладых грамадзян», — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Ураду даручана сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года моладзі.
На пачатак 2014 года колькасць моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 года ў Беларусі складала 2,185 млн. чалавек, або 23,08% агульнай колькасці насельніцтва краіны.
«Вырашэнне праблем, што хвалююць моладзь, з'яўляецца складовай часткай дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльна-эканамічнага, культурнага і нацыянальнага развіцця краіны. Абвяшчэнне 2015 года Годам моладзі прыцягне дадатковую ўвагу органаў дзяржаўнага кіравання, шырокай грамадскасці да пытанняў рэалізацыі асноўных кірункаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі», — тлумачыць прэс-служба.





