У Беларусі няма такой дзяржаўнай ідэалогіі, якая была ў СССР, калі «ці то пудрылі мазгі, ці то мы самі да гэтага прыходзілі», заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ 17 кастрычніка ў Мінску.

«Я заўсёды даручаў, стараўся сам вынайсці вось гэту дзяржаўную ідэалогію, але каб мне штосьці лягло на душу — не лягло», — сказаў ён. 

«Мне гавораць, што наша дзяржаўная ідэалогія — гэта найглыбейшы патрыятызм і іншае. Дык пра патрыятызм і без ідэалогіі зразумела, але патрэбна такая запальная рэч, якая была б успрынята ўсім грамадствам, да якой бы імкнуліся. З майго пункту гледжання, ні я не вынайшаў такога, ні мае памочнікі. Тыя, хто займаецца ідэалогіяй, кажуць, што ў нас дзяржаўная ідэалогія ёсць. Я як прэзідэнт ім кажу, што яна мне на душу, на сэрца не кладзецца, а як яна простаму чалавеку ляжа?» — сказаў Лукашэнка. 

Сёння, паводле яго слоў, задача беларускіх ідэолагаў, якія з'яўляюцца «камісарамі, ідэалагічнымі барацьбітамі», заключаецца ў тым, каб «не дапусціць ахайвання» таго, што ўжо зроблена і «што падтрымліваецца большасцю народа».

Лукашэнка негатыўна адазваўся пра культ асобы, які існаваў у СССР, на якім у многім засноўвалася савецкая ідэалогія. «Правадырства было вельмі шмат», — сказаў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў Мінску «помнік Леніну стаіць на самай цэнтральнай плошчы і нікому не перашкаджае». «Няхай людзі паглядзяць і ўспомняць, што быў такі перыяд», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

«Майго партрэта вы апрача чыноўніцкага кабінета нідзе не ўбачыце, маіх цытат нідзе вы не ўбачылі і не ўбачыце — такая у нас дыктатура, спецыфіка адпаведная. Я гэтага не прымаю, ніякага правадырства. Гэта пасля мяне нехта павінен сказаць мне дзякуй ці недзе маю цытату аднавіць ці напісаць, думаю так павінна быць», — падсумаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?