Палітыка Віктара Івашкевіча пахавалі 5 кастрычніка 2013 года на Паўночных могілках. Праз год на яго магіле з'явіўся помнік. Яго стварыў скульптар Ігар Засімовіч.

Брат нябожчыка не хацеў публічных абвестак пра адкрыццё помніка, таму на магіле сабраліся толькі блізкія і сябры.

«Усталявалі помнік на магіле Віктара Івашкевіча. Госпадзе, людзі, давайце шанаваць герояў, пакуль яны жывыя», — адазвалася у Фэйсбуку Наталля Радзіна.

Віктар Івашкевіч памёр 3 кастрычніка на 55-м годзе жыцця. Ён цяжка хварэў, чакаў перашчэпу пячонкі, але донара так і не знайшлі.

З пачатку 1980-х Віктар Івашкевіч быў актывістам моладзевага нацыянальнага руху, удзельнікам першых, напаўпадпольных незалежніцкіх суполак «Майстроўня», «Талака». З 1988 — у Беларускім Народным Фронце. Быў арганізатарам страйкамаў на минскіх прадпрыемствах у 1991 годзе.

Шмат разоў яго арыштоўвалі. Быў рэдактарам газэты «Рабочы». У кастрычніку 2002 быў асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзыдэнта.

Намеснік старшыні Партыі БНФ да 2009 года. Да лютага 2011 г. быў кіраўніком мінскай гарадской арганізацыі БНФ.

«Гэта вельмі-вельмі вялікая страта для нацыянальнага руху. Івашкевіч быў сапраўдным рухавіком, ён меў каласальныя арганізатарскія здольнасці. Пакуль іншыя спрачаліся, ён браўся за справу», — казаў год таму назад старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0