Украінскі бок пагадзіўся плаціць за газ цану, якую раней не прымаў, — 385 даляраў. У Кіева не было другога выйсця. Інакш запасаў газу не хапіла б на ацяпляльны сезон. Расія спыніла яго пастаўкі ад чэрвеня. Украінскай уласнай здабычы і паставак па адносна невялікіх рэверсных газаправодах са Славаччыны, Вугоршчыны і Польшчы недастаткова, каб пакрыць усе патрэбы краіны. Украіна патрабуе яшчэ мінімум 10 млрд кубоў газу з Расіі, у тым ліку 5 млрд да канца года.

Рабаўніцкая цана газ стане новым цяжарам для ўкраінскай гаспадаркі, што і без таго знаходзіцца ў кепскім стане. Для параўнання: Германія хоць і знаходзіцца ад Расіі далей, атрымлівала ў 2014 газ у сярэднім за 320 даляраў. З падзеннем цэнаў на нафту гэты кошт яшчэ знізіцца.

Цана газу для Украіны ўстанаўліваецца да 31 сакавіка. Кіеў спадзяецца выйграць справу супраць «Газпрома» ў Стакгольмскім арбітражы.

У інтэрв'ю ўкраінскім СМІ ў суботу прэзідэнт Пятро Парашэнка, кажучы пра вынікі перамоваў ва Мілане, якія адбыліся 17 кастрычніка, зрабіў акцэнт на вымушанасці сітуацыі.

«Па выніках кансультацый магу сказаць — Украіна будзе з газам, Украіна будзе з цяплом. Гэта вынік учорашніх дамоўленасцей», — заявіў Парашэнка.

Расійскі бок адстойваў цану 385 даляраў за тысячу кубаметраў на працягу ўсяго года, аднак, па словах Парашэнкі, «павінны быць дзве цаны — зімой, калі попыт павялічваецца, і летам, калі попыт падае».

«Наша супольная прапанова з ЕС — 325 даляраў за тысячу кубаметраў улетку, 385 — зімой», — адзначыў Парашэнка.

«Рускія на тое пагадзіліся», — адзначыў Парашэнка.

Таксама ён адзначыў, што 21 кастрычніка ў Брусэлі адбудуцца перамовы Украіны, Расіі і ЕС па газавым пытанні і ўдзельнікі маюць падрыхтаваць «ўзгоднены пратакол».

Цана 385 прывядзе некаторыя галіны ўкраінскай эканомікі, такія як металургія, на мяжу банкруцтва. Для параўнання: Беларусь атрымлівае газ па 170 за тысячу кубоў.

Імаверна, Украіне спатрэбяцца новыя крэдыты МВФ для таго, каб зрабіць выплаты за газ у 2014.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?