Пецярбургскі мастак-акцыяніст Пётр Паўленскі правёў у інстытуце псіхіятрыі імя Сербскага ў Маскве акцыю, падчас якой адрэзаў сабе мочку вуха. Фатаздымкі з акцыі апублікаваныя ў Facebook мастака ў нядзелю 19 кастрычніка.

Паўленскі прыйшоў на акцыю аголеным і адрэзаў сабе мочку вялікім кухонным нажом. Акцыя атрымала назву «Аддзяленне».

Такім чынам Паўленскі выступіў супраць выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах.

«Нож аддзяляе мочку вуха ад цела. Бетонная сцяна псіхіятрыі аддзяляе грамадства разумных ад вар'яцкі хворых. Вяртаючы выкарыстанне псіхіятрыі ў палітычных мэтах — паліцэйскі апарат вяртае сабе ўладу вызначаць парог паміж розумам і вар'яцтвам», — гаворыцца ў заяве мастака.

Паўленскі дастаўлены ў Боткінскую бальніцу.

У інстытут імя Сербскага 13 кастрычніка даставілі для правядзення псіхіятрычнай экспертызы ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, абвінавачваную ў Расіі ў датычнасці да гібелі журналістаў ВГТРК пад Луганскам. Адвакаты назвалі ўмовы яе ўтрымання ў клініцы «карнай псіхіятрыяй».

Па іх словах, абвінавачваную фактычна пазбаўляюць сну, а з абаронцамі дазваляюць звяртацца толькі па тэлефоне праз шкло.

На мінулым тыдні Следчы камітэт адклікаў хадайніцтва аб правядзенні псіхіятрычнай экспертызы Паўленскага. Яго абвінавачваюць у вандалізме з-за акцыі «Свабода» ў падтрымку Украіны. Па словах адваката Дзмітрыя Дзінзе, псіхіятры тройчы за апошнія два гады прызнавалі Паўленскага псіхічна здаровым. Цяпер ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

У канцы лютага 2014 г. Пётр Паўленскі і чацвёра яго паплечнікаў падпалілі аўтамабільныя шыны на Малым Канюшанным мосце ў Санкт-Пецярбургу. За імправізаванай барыкадай з сцягам Украіны ўдзельнікі акцыі стукалі палкамі аб лісты металу. Праз паўгадзіны пажарныя патушылі агонь, а Паўленскага і яго паплечнікаў затрымалі супрацоўнікі паліцыі.

Пётр Паўленскі атрымаў шырокую вядомасць пасля акцыі на Краснай плошчы 10 лістапада 2013 г, падчас якой прыбіў сваю машонку да бруку.

У маі мінулага года ён абкруціўся калючым дротам каля будынка пецярбургскага Заканадаўчага схода. Летам 2012 года мастак зашыў сабе рот каля Казанскага сабора ў Пецярбургу, пратэстуючы супраць пераследу Pussy Riot.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?