Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выпрацаваць меры для таго, каб прымусіць утрыманцаў працаваць і спыніць бясплатна раздаваць дзяржаўныя даброты.

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях занятасці і міграцыі ў Беларусі.

«Як мне дакладваюць, каля 500 тыс. нашых грамадзян не задзейнічаны ў эканоміцы краіны. Няхай 100 тыс. — гэта хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе на ўласным падворку.

А 400 тыс. чым займаюцца? За чый кошт жывуць?» — сказаў ён.

Лукашэнка асобна закрануў праблему з асобамі, абавязанымі працаваць для пакрыцця дзяржаве выдаткаў па ўтрыманні дзяцей.

«Як яны працуюць? У сістэму ЖКГ вы іх адпраўляеце. Устроілі і ўстроілі — работнікі ЖКГ пакутуюць і пастаянна скардзяцца: то на працу не ходзяць, даводзіцца міліцыі іх за руку вадзіць, то яшчэ куды-небудзь нешта. Чаму далей не робім крокі? Калі ён працаўладкаваны, абавязаны працаваць і не працуе, чаму мы далей не прымаем меры, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Што мы з імі важдаемся? Ды не важдаемся мы з імі, мы іх проста на водкуп ім жа кінулі і задаволеныя — у нас ідзе працэс. Ды не ідзе ніяк гэты працэс».

Прычым гэтыя і іншыя ўтрыманцы карыстаюцца ўсімі выгодамі дзяржавы, атрымліваюць бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, аплачваючы паслугі ЖКГ па даціраваных дзяржавай тарыфах. А потым яшчэ прыходзяць да дзяржавы і патрабуюць годную пенсію.

«Час спыняць гэта ўтрыманства, 400 тыс. павінны быць ўцягнутыя імем рэвалюцыі ў працу. Лайдакоў не павінна быць у краіне. Трэба прымусіць гэтых людзей працаваць і спыніць раздаваць бясплатна даброты тым, хто не працуе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка прызначыў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова і дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Аляксандра Мяжуева адказнымі за ўнясенне прапаноў на гэтую тэму і даручыў да канца года паведаміць яму аб праведзенай працы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?