«Эбола сапраўды небяспечная. Але там, дзе яна цяпер распаўсюджваецца, — у Заходняй Афрыцы. Верагоднасць трапляння віруса Эбола ў Беларусь вельмі невысокая, і яна звязана менавіта з завозам гэтай праблемы».

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» вечарам 19 кастрычніка галоўны санітарны ўрач Ігар Гаеўскі. 

«Людзі лятаюць, перамяшчаюцца, і ў гэтай сувязі завоз магчымы. Важна, наколькі яго можна прадухіліць на першай фазе, на мяжы і далей не пусціць, выключыць усякія кантакты з мясцовым насельніцтвам. У гэтым сэнсе, я лічу, наша краіна гатовая», — сказаў ён. 

Спецыяліст упэўнены, што Эбола — гэта не біялагічная зброя і не камерцыйны праект. 

«Разглядаць гэты вірус як біялагічную зброю нельга, — адзначыў Гаеўскі. — Гэта няправільна, і наконт гэтага ёсць вельмі сур'ёзныя аўтарытэтныя развагі і меркаванні, і доказы. Гэта не зброя. Стварыць яе досыць няпроста, вельмі складана. Самае галоўнае — зброя мае патрэбу ў сродках дастаўкі. Прабірка, у якую змешчаны ўзбуджальнік, — гэта яшчэ не зброя. Неабходна нешта больш магутнае, сур'ёзнае». 

Што да «камерцыйнага праекта», то, паводле слоў спецыяліста, «само захворванне развіваецца абсалютна ў рэальных умовах, мае свае прычыны, ачаг». «Гаварыць аб тым, што тут штосьці спецыяльна спланаванае, нельга», — упэўнены Гаеўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?