Арганізацыя Human Rights Watch заяўляе, што ў пачатку кастрычніка ўкраінскія войскі ўжывалі касетныя боепрыпасы ў абстрэлах жылых раёнаў Данецка.
Эксперты HRW правялі тыднёвае расследаванне, падчас якога выявілі распаўсюджанае выкарыстанне касетных боепрыпасаў у баях паміж украінскімі падраздзяленнямі і прарасійскімі сепаратыстамі, гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.
«Хоць канчаткова вызначыць адказнасць за большасць нападаў немагчыма, доказы паказваюць на тое, што ўкраінскія войскі адказныя за некалькі з нападаў з выкарыстаннем касетных боепрыпасаў у Данецку», — гаворыцца ў дакладзе.
У прыватнасці, па дадзеных HRW, у адным з такіх нападаў 2 кастрычніка загінуў работнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.
Пры гэтым у HWR не выключаюць, што баевікі таксама маглі ўжываць забароненую зброю.
«Хоць і не канчаткова, абставіны ўказваюць на тое, што антыўрадавыя сілы таксама могуць быць адказныя за выкарыстанне касетных боепрыпасаў», — адзначаецца ў справаздачы.
У арганізацыі заклікалі ўкраінскую ўладу неадкладна абавязаць не прымяняць касетныя боепрыпасы і далучыцца да Канвенцыі аб іх забароне.
Раней у Кіеве неаднаразова абвяргалі абвінавачванні ў выкарыстанні касетных бомбаў у канфлікце на Данбасе. Украінскія ўлады таксама абвінавачваюць у абстрэлах жылых раёнаў Данецка прарасійскіх баевікоў.





