22-гадовы мінчук прызнаны вінаватым у крадзяжы па ч. 3 арт. 205 КК і прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Як паведаміў старшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашаў, злачынства было ўчынена 16 лютага гэтага года. Мужчына дапамагаў сваёй жонцы, індывідуальнаму прадпрымальніку, афармляць вяселле. Пасля ўрачыстасці, а першай гадзіне ночы, ён вярнуўся ў забаўляльную ўстанову за ўпрыгажэннямі. Выходзячы з будынка, ён убачыў на ганку прыгожы пакет, у якім аказаліся грошы і іншыя падарункі для маладых. 

Пакінуты без догляду пакет мужчына забраў з сабой, аб гэтым нікому нічога не сказаў, нават жонцы. 

Як вынікае з матэрыялаў следства, у пакеце знаходзілася 400 еўра, 10.000 рублёў РФ, 5.500 долараў, амаль 8.000.000 беларускіх рублёў, імянны сертыфікат, фотаапарат і іншыя падарункі — усяго на суму больш за 73,4 млн рублёў. Злодзея праваахоўныя органы затрымалі праз некалькі дзён. 

Маладыя заўважылі прапажу толькі раніцай наступнага пасля вяселля дня. Малады муж расказаў, што пакінуў пакет на вуліцы, а сам пайшоў праводзіць гасцей, а вярнуўшыся, не звярнуў увагу на тое, што пакет адсутнічае, забраў жонку і паехаў. Хто ўчыніў крадзеж, пацярпелыя даведаліся, прагледзеўшы запісы камер відэаназірання. 

30 чэрвеня прыгаворам суда Ленінскага раёна сталіцы абвінавачваны быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прыгавор быў абскарджаны. У выніку судовая калегія Мінскага гарсуда скараціла тэрмін пакарання на два гады і выключыла дадатковае пакаранне ў выглядзе канфіскацыі маёмасці. Прыгавор набыў моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?