Цяпер ужо не згадаю, хто падказаў мне, што на вуліцы Кнорына ў Мінску жыве Ніна Лістапад, дачка аднаго з арганізатараў Слуцкага паўстання Юркі Лістапада. Здзіўленне маё не мела межаў. Я ведала, што яе маці, жонка Лістапада Марыя Стагановіч, таксама жывая. Як змагла выжыць сям’я «ворага народа», расстралянага ў 1938-м?

Сустрэчы і размовы са спадарыняй Нінай пры канцы 90-х прыйшлі на памяць, калі, праглядаючы паперы ў архіве фонду Мінскай турмы, я трапіла на так званую справу 14 1921 г. Дакументы — танюткія сшыткі — мелі прыпіску, што «справа 14» адносіцца да аперацыі «Крот» і паперы накіроўваюцца следчаму Шульману. У спісе ўдзельнікаў выкрытай чэкістамі контррэвалюцыйнай арганізацыі фігуравала імя Людмілы Стагановіч.

Настаўніцы, сёстры Марыя і Людміла, напярэдадні Слуцкага паўстання, увосень 1920 г., былі актывісткамі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і культурна-асветніцкага маладзёжнага гуртка «Зарніца» ў вёсцы Старыца на Случчыне.

«Крот» на беларускай сцэне

Рыжская мірная дамова 1921 года афіцыйна паклала канец савецкай-польскай вайне. Аднак узаемная канфрантацыя і шпіёнска-выведніцкая дзейнасць з абодвух бакоў працягвалася. Асноўныя акцыі ВЧК-ОГПУ былі скіраваныя супраць замежных антысавецкіх цэнтраў і іх філіяў на савецкай тэрыторыі. Гэта былі зусім не «Союзы меча і орала», што высмейвалі Ільф і Пятроў, а рэальныя баявыя арганізацыі.

Найлепшым спосабам трымаць іх пад кантролем, да якога дадумаліся на Лубянцы, было ўкараненне ў структуры і нават у кіраўніцтва сваіх агентаў кшталту «Народнага саюза абароны радзімы і свабоды» (НСАРС) на чале з Барысам Савінкавым.

Былы эсэр-тэрарыст змог залучыць да падрыхтоўкі агульнага антысавецкага паўстання і беларускія нацыянальныя арганізацыі — Беларускі палітычны камітэт і баевікоў «Зяленага Дуба».

Слабае месца ў канструкцыі НСАРС чэкісты намацалі ў Гомелі, заўважыўшы частыя сустрэчы былых царскіх афіцэраў. Падчас следства згоду на супрацоўніцтва з чэкістамі далі некалькі актывістаў мясцовай філіі савінкаўскага Саюза. Для кожнага следчыя знайшлі «жалезныя» аргументы. Так, камандзір запаснага батальёна Шчэрба не пажадаў, каб яго любоўная сувязь з жонкай вайсковага доктара Майсеева, калегі па антысавецкім падполлі, стала вядомай мужу. Шчэрба даў патрэбныя паказанні па справе. Ваенрука Максімава, таксама аднаго з кіраўнікоў Камітэта, арыштавалі на кватэры маці сувязнога Іосіфа Зянкевіча. Давераная асоба Савінкава, Зянкевіч, трымаў сувязь паміж аддзяленнямі Саюза ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай губернях, ён па сутнасці перадаў каналы сувязі ў рукі спецслужб. Перавербаваўшы агентаў і кур’ераў, якім давералі ў варшаўскім цэнтры НСАРС, чэкісты атрымалі магчымасці для маніпуляцый.

А пасля чэкістам удалося перавербаваць Эдуарда Аперпута, кіраўніка Заходняга абласнога камітэта НСАРС. Авантурыст і правакатар, ён меў тузін мянушак (Касаткін, Стаўніц, Селянінаў…). Сваімі паказаннямі Аперпут даў ключ да ліквідацыі ўсіх савінкаўскіх арганізацый у межах Заходняга фронту.

«Выдатная ігра» мінскіх чэкістаў

Каб разграміць замежныя антысавецкія цэнтры, расійскія спецслужбы зладзілі ў першай палове 1920-х аперацыі «Трэст» і «Сіндыкат-2» — «паставілі» шырокамаштабную шпіёнскую драму, кульмінацыяй якой стаў арышт у 1924 г. у Мінску самога Савінкава. Большая частка спектакля адбылася на беларускай сцене. Удзел беларусаў у гэтай містыфікацыі мала каму вядомы, між тым 60 тамоў следчай справы «Крот», прэлюдыі «Трэсту», хаваюць тысячы трагічных гісторый. Адгалоскі знайшліся і ў мінскіх архівах.

Мінскія чэкісты выдатна сыгралі ролі ў аперацыі, распісаныя рэжысёрамі з Лубянкі. Кіраўнік асобага аддзела пры Беларускай ЧК Станіслаў Глінскі сыграў ролю кіраўніка падпольнай арганізацыі «Ліберальных дэмакратаў», сустракаўся з генералам Булак-Балаховічам у раёне Слуцка і абмяркоўваў планы захопу Мінска.

Латыша В. Бангу, начальніка аддзела па барацьбе з бандытызмам мінскага ЧК, агенты «Зяленага Дуба» лічылі сваім чалавекам і інфарматарам. За савінкаўца і адказнага за памежны пераход у Заслаўі выдаваў сябе чэкіст Ян Крыкман. (Раней той Крыкман з легендай пакрыўджанага саветамі чырвонага камандзіра далучыўся да атрада партызана Моніча з мэтай яго забіць.) Актыўнымі гульцамі «Трэста» і «Сіндыката» былі мінскія чэкісцкія кіраўнікі Ф. Мядзведзь ды І. Апанскі.

Шпіёны ў ваенкамаце

Пачыналася шпіёнская гісторыя ў бурлівым 1921-м. Лясная партызанская вайна суправаджалася стварэннем агентурнай сеткі ў гарадах і мястэчках. Шпіёны, дыверсанты, тэрарысты, кантрабандысты запаланілі тэрыторыі ўздоўж новай дзяржаўнай мяжы.

Слуцк і пасля паўстання 1920-га не заціхаў. Былыя паўстанцы далучаліся да антысавецкіх праектаў.

У Слуцку (як і паўсюдна па савецкай Беларусі) цэнтрам антыбальшавіцкай дзейнасці быў… ваенкамат.

Былыя царскія афіцэры — ваенрук Ян Горскі, начальнік мабілізацыйцнага аддзела Георгій Будавей, супрацоўнікі Амяльян Крыцкі і Адрыян Скрыпка — склалі мясцовы актыў НСАРС. А ўзначальваў антысавецкую структуру Кастусь Кецка, у 1921 камендант горада. Яго імя ў гісторыі Слуцкага збройнага чыну вядомае ў сувязі з гучнаю справаю аб «здрадзе» камандзіра Слуцкага палка Чайкі. Менавіта Кецку, свайму сябру, Павал Чайка напісаў ліст. Змест застаўся невядомым, але прыхільнікі Булак-Балаховіча, якія бачылі на месцы камандзіра іншага чалавека, звінавацілі Чайку ў выдачы нейкіх сакрэтаў. Чайку арыштавалі, ён уцёк на савецкі бок, і там у пачатку студзеня 1921 быў расстраляны.

Кецка «засвяціўся» ў «справе 14», заведзенай на слуцкіх інтэлігентаў, сваякоў удзельнікаў паўстання. Таксама слуцкі камендант праходзіў па «справе 48», якая тычылася эсэраў, вайскоўцаў і іх «укрывальнікаў». Кецку інкрымінавалі кіраўніцтва групай, якая яднала людзей з дзяржаўных устаноў ды збірала інфармацыю аб дыслакацыі, колькасці, узбраенні аддзелаў Чырвонай Арміі і перадавала на польскі бок копіі вайсковых загадаў. Пячаткай ваенкамата завяраліся пропускі праз мяжу і іншыя дакументы для «сваіх».

Арышты па справах «14» і «48» адбыліся ў жніўні 1921. Спіс абвінавачаных узначальваў 28-гадовы касір Слуцкага фінаддзела Канстанцін Бараноўскі, старэйшы брат аднаго з арганізатараў паўстання, эсэра Андрэя Бараноўскага. Ёсць у спісе і імёны Лідзіі і Якуба Тэраўскіх. Магчыма, увага да іх была наступствам арышту ў Мінску кіраўніка нацыянальнага беларускага хора Уладзіміра Тэраўскага. Яму далі пяць год катаржнай Смаленскай турмы за сувязь з агентам «Зяленага Дуба» Ганнай Доўгерт.

Арыштаваны былі ўсе служачыя, нават былыя, Слуцкага ваенкамата разам са сваякамі —Казімір Асвяцімскі, Алесь Верабей і яго брат Фёдар, Понтус.

Чэкісты «зачышчалі» ад «контррэвалюцыянераў» дзяржаўныя ўстановы горада. Розныя тэрміны зняволення атрымалі Пётра Багдановіч, Васіль Цішкевіч, Лявон Вячорка і іншыя актыўныя дзеячы партыі эсэраў.

Выявілі шмат жанчын-шпіёнак. Па «справе14» праходзілі Вольга Дыла, Людміла Стагановіч, Ефрасіння Рэўт. Кецка апазнаў па фота знакамітую па тых часах разведчыцу Ганну Доўгерт як Ганну Тамашэўскую. Ёй і жонцы Тэраўскага Надзеі камендант даваў пропускі для пераходу мяжы.

Гвалтаўнікі з ЧК

Людміла Стагановіч, як успамінала яе пляменіца Ніна Лістапад, з ЧК выйшла абсалютна іншым чалавекам. Глыбокая псіхалагічная траўма (ці толькі псіхалагічная?) кардынальна змяніла яе жыццёвыя погляды і паводзіны.

Следчы, да якога трапіла дзяўчына, дамагаўся яе сэксуальна, даючы зразумець, што будзе ўдзячны за прыхільнасць. Чым скончылася гэтая гісторыя — невядома. Людмілу пратрымалі ў ЧК зусім нядоўга, яе нават не пераводзілі ў турму. Апынуўшыся на волі, яна парвала сувязі з эсэрамі і ўсё жыццё заставалася палымянай сталіністкай…

Метады чэкістаў таямніцай не былі. У верасні 1921 на ўпаўнаважаных ЧК Шульмана і Кетлінга завялі справу за збіццё арыштаваных у Слуцку. Але сведчанняў, што іх пакаралі, няма. У творах Салжаніцына і Гуля згадваецца «крывавы камендант» Тіфліскай ДПУ, какаініст і сэксуальны вычварэнец Шульман. Ці не той самы, які пачынаў кар’еру ў Беларусі?

Жанчыны маглі трапіць і ў рукі другога маньяка ў форме. Нехта Бярозкін, следчы асобага памежнага аддзялення №4 (Слуцкага) меў звычку раздзяваць жанчын дагала быццам для вобшуку, а потым гвалціць. Пасля таго, як адна з арыштаваных пад час допыту ў Слуцкім ДОПРы («Дом общественно-принудительных работ») паспрабавала выкінуцца з акна і нарабіла лямянту на ўвесь горад, пракурор павета мусіў завесці справу на Бярозкіна. Паводзіны гвалтаўніка прызналі «дыскрэдытуючымі вобраз чэкіста».

Пасля арышту бацькі маці звар’яцела

Фігуранты спраў «14» і «48» у большасці атрымалі па два гады канцлагера. Падчас следства памёр ці быў закатаваны бацька камандзіра Слуцкага палка, капітана Антона Самусевіча. 68-гадовы Іван Гаўрылавіч трапіў у ЧК, бо хаваў у падвале свайго дома сына-шпіёна. Праз год і Антон Самусевіч быў забіты падчас трэцяй спробы ўцячы з Мінскай турмы шляхам падкопу.

Для 28-гадовага Кастуся Кецкі справа «з лічбамі» ў аперацыі «Крот» была толькі пачаткам у ланцугу арыштаў. Пастанова наркама ўнутраных спраў і пракурора СССР ад 25 мая 1938 г. пра расстрэл Кецкі К. Д. была выканана 7 ліпеня 1938. у Мінску. У заяве яго дачкі Ніны Вастокавай (люты 1968) з просьбаю рэабілітаваць бацьку гаворыцца, што напярэдадні арышту ў 1937 сям’я жыла па вуліцы Чапаева ў Мінску, бацька працаваў бухгалтарам у садоваагародным трэсце. Пасля арышту бацькі, піша Вастокава, маці ад перажытага страціла розум. Сястру забралі ў дзіцячы дом, сама яна апынулася ў сваякоў. Толькі ў 1967-м сёстры знайшлі адна адну. Дзе знайшоў апошні прытулак былы слуцкі камендант? Адказ відавочны: у Курапатах.

Слуцкі падпольны ланцуг браў пачатак у Нясвіжы. Арганізатары Слуцкай паўстанцкай брыгады афіцэры Ян Мацэлі, Антон Самусевіч, шарагоўцы Л. Мірончык, Макрэцкі, Кудровіч, Ліхадзіеўскі склалі замежную групу пры Інфармацыйным Бюро (структура 2-га аддзела Польскага генштаба) у Нясвіжы. Але ні патранаж польскай выведкі, ні энергічныя высілкі случчакоў не прадухілілі паразы. Падпольныя арганізацыі ў памежжы гінулі адна за адной, не вытрымаўшы спаборніцтва з ЧК на таемным фронце.

Засланыя і перавербаваныя агенты — краты — практычна за год знішчылі каласальную па памерах і геаграфіі сетку «Народнага саюза абароны радзімы і свабоды». І гэта пры тым, што савінкаўская агентура прасачылася ў савецкія вайсковыя і выканаўчыя ўладныя ўстановы. Незадаволенае саветамі насельніцтва шукала магчымасці працягнуць вайну з бальшавікамі і падтрымлівала любую антысавецкую ініцыятыву.

План агульнага паўстання з мэтаю захопу ўлады ў Беларусі ў жніўні 1921 мог бы рэальна ажыццявіцца, калі б не каласальныя страты ў сакрэтнай вайне.

Падвойны агент Рэўт

Дык хто ж той «крот», які менавіта ў Слуцку здаў падполле? Ён шчыраваў не адзін, але адно імя можна назваць дакладна — Яўген Хведаравіч Рэўт. Малады слуцкі хлопец, 1899 года нараджэння, у 1920 г. ён добраахвотна паступіў на службу ў Гомельскі запасны полк РСЧА, увосень быў ужо дома ў Слуцку. Былы чырвонаармеец далучыўся да Слуцкай паўстанцкай брыгады, нават быў памочнікам начальніка контрвыведкі.

Рэўт спрычыніўся да арышту Паўла Чайкі. Крыніцы сведчаць, што на пачатку 1921 ён быў асведамляльнікам дэфензівы. Адначасова ён «выкарыстоўваецца ЧК у рабоце за мяжой».

Аднак у жніўні Рэўта арыштавалі разам з астатнімі па «справе 14». Затрыманая і яго сястра Ефрасіння, хутчэй за ўсё, як закладніца. Слуцкія чэкісты западозрылі ў ім падвойнага агента і этапавалі ў Мінск. Верасень 1921 г. быў багаты на затрыманні актывістаў антысавецкай апазіцыі ў Беларусі. На фоне чэкісцкіх перамог Рэўт накіроўваецца зноў «для далейшай работы ў распараджэнне Асобага Аддзела ЧКБ». Але зноў пайшло не так, як хацелі гаспадары. У кастрычніку арыштаваны зноў, фармулёўка цьмяная: «Не апраўдаў даверу». У лютым наступнага года Рэўта расстралялі ў мінскай турме. «Краты» доўга не жывуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0