Інфармацыйны офіс «Беларусь у фокусе» (Інфармацыйнае бюро Салідарнасці з Беларуссю, SBIO) правёў даследаванне беларускага дзяржсектара. Мэтай яго было высвятленне каштоўнасцей і чаканняў занятых у ім людзей.

«У даследаванні ўдзельнічала крыху больш за сто чалавек з усёй краіны. Былі абраныя як занятыя ў адміністрацыйным апараце, г.зн. чыноўнікі, так і тыя, хто працуе на прадпрыемствах, у першую чаргу менеджары сярэдняга звяна, — расказвае адзін з аўтараў працы, магістр палітычных навук Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.

Вынікі працы атрымаліся цікавыя.

Увогуле, абсалютная большасць занятых у дзяржсектары пазітыўна ставіцца да сённяшней сацыяльна-эканамічнай стабільнасці. Але ж у некаторых момантах меркаванне беларускага чыноўніка прынцыпова адрозніваецца ад меркавання звычайнага клерка.

Напрыклад, чыноўнікі не баяцца магчымых скарачэнняў ці звальненняў, кажучы аб сваёй незаменнасці на працоўным месцы або здольнасці знайсці працу ў іншым месцы. Супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў, у сваю чаргу, адчуваюць рызыкі і нявызначанасць у сітуацыі магчымай неабходнасці змены працоўнага месца.

Чыноўнікі і супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў адрозніваюцца і ў стаўленні да ўзроўню і якасці жыцця ў Беларусі. Чыноўнікі, калі гаворка заходзіць пра параўнанне ўзроўню жыцця ў Беларусі і іншых краінах, знаходзяць аргументы на карысць таго, што сітуацыя ў Беларусі не горш, а шмат у чым лепш, чым у іншых, у прыватнасці, еўрапейскіх дзяржавах, і настойваюць на адноснасці параўнання. У сваю чаргу звычайныя супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў адназначна ацэньваюць узровень жыцця ў Беларусі як ніжэйшы, чым у іншых краінах.

Чыноўнікі, у адрозненне ад прадстаўнікоў іншых прафесій, успрымаюць сваю прафесію як грамадска важную і значную. Аднак свой узровень даходу яны лічаць недастатковым. Акрамя таго, часта яны адзначаюць, што кіраўнічыя рашэнні ў сістэме дзяржслужбы не ўлічваюць іх вопыту і лакальнай спецыфікі працы, «спускаюцца зверху». Такім чынам, самі чыноўнікі прызнаюць, што не маюць магчымасці выказаць сваё меркаванне і паўплываць на змены, якія ім даводзіцца ўкараняць у працу.

Рэформы ўспрымаюцца чыноўнікамі не як пераўтварэнні з пэўнымі мэтамі, але як пастаянны працэс зменаў заканадаўства і ўмоў функцыянавання дзяржапарату, да якіх ім даводзіцца адаптавацца. Здольнасць падладзіцца пад гэтыя змены, пры гэтым, расцэньваецца як высокі ўзровень прафесіяналізму.

Да пытання «працоўнай мабільнасці» усе супрацоўнікі дзяржсектара ставяцца з асцярогай. Але чыноўнікаў зноў жа палохаюць зусім іншыя рэчы, чым астатніх. Калі чалавека, які працуе на прадпрыемстве, ад працоўнай мабільнасці ўтрымліваюць сацыяльна-эканамічныя рызыкі, то чыноўнікі, як правіла, у якасці перашкоды называюць кумоўства і кланавасць сучаснага дзяржапарата, а таксама дадатковую адказнасць і больш жорсткае пакаранне пры «правале».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?