Запрашэнне ад незнаёмца на каву можа скончыцца для мужчыны, які практыкуе сэксуальныя кантакты з мужчынамі, вельмі нечакана: замест патэнцыйнага партнёра на спатканне можа з'явіцца сацыяльны аўтрыч-работнік.

Па некаторых дадзеных, у Мінску да 5 тысяч чалавек жывуць з ВІЧ, не падазраючы пра гэта. З прычыны няведання, яны часта з'яўляюцца прычынай інфікавання іншых людзей.

Адна з асноўных груп рызыкі заражэння — мужчыны, якія практыкуюць сэкс з мужчынамі. «У пераважнай большасці гэтыя людзі не лічаць сябе геямі, у іх нават ёсць дзяўчыны, але часам яны практыкуюць аднаполы сэкс», — кажа Віталь Нікановіч, намеснік старшыні РГА «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» (БалАЮ). Каб дапамагчы такім мужчынам — праверыцца, абдумацца, — аб'ядналіся эксперты, якія прыдумалі і ажыццявілі нечаканы план дзеянняў.

Асобная група рызыкі — правінцыйныя студэнты

Каб спыніць распаўсюджванне ВІЧ, аб'ядналіся ЮНІСЕФ, БелАЮ, а таксама Цэнтр дружалюбны падлеткам «Галс». Яны распрацавалі праект «Даступнае і якаснае кансультаванне і тэставанне на ВІЧ падлеткаў і груп рызыкі».

Чаму вырашылі працаваць менавіта з падлеткамі? «Учорашнія школьнікі, якія вырываюцца ў Мінск і атрымліваюць свабоднае жыццё без бацькоў, — гэта катэгорыя людзей, якая пачынае шмат чаго спрабаваць», — кажа Таццяна Шчасная, каардынатар работы па ЗЛЖ цэнтра «Галс». Каб адшукаць тых, хто ўжо паспрабаваў, і правесці з імі тлумачальную гутарку, прадстаўнікі праекту выкарыстоўваюць тры спосабы.

«Першы спосаб знайсці падлеткаў з групы рызыкі — гэта пагаварыць з выхавацелямі інтэрнатаў, яны ўсё бачаць і ведаюць. Другі спосаб — з'явіцца там, дзе «тусуецца» група рызыкі. Можам зайсці на дыскатэку», — распавядае Віталь Нікановіч.

Перш чым расказаць пра трэці спосаб, Віталь дастае з кішэні мабільны тэлефон.

Віталь Нікановіч, фота orgconsulting.by

Віталь Нікановіч, фота orgconsulting.by

«Вось глядзіце, у смартфоне шмат дадаткаў, сярод іх ёсць сэрвісы знаёмстваў, якія дазваляюць даведацца нават тое, за колькі метраў ад вас знаходзіцца чалавек, якія размясціў прапанову пагутарыць. Многіх мужчын, якія практыкуюць сэкс з мужчынамі, мы знаходзім менавіта праз дадаткі. Прызначаем сустрэчу, запрашаем на каву, маўляў, давай сустрэнемся, пагаворым. Прыходзім — праводзім матывацыйнае інтэрв'ю. Наша мэта — не ўцюхаць парады правільнага жыцця. Нам трэба змяніць мадэль паводзінаў чалавека, расхістаць яго».

У экспертаў ёсць нават карта, якая паказвае, у якіх дакладна месцах Мінска і ў які час часцей за ўсё збіраюцца групы рызыкі — аўтрычы валодаюць дэталёвай інфармацыяй.

«Дзяўчаты з «Дазары», якія аддаюцца за кактэйль, — таксама наша аўдыторыя»

Вышэйназваны праект трох арганізацый прадугледжвае працу таксама са спажыўцамі наркотыкаў, жанчынамі, якія практыкуюць сэкс за грошы, і тымі, хто вядзе бязладнае палавое жыццё. «Дзяўчынка, якая ідзе ў «Дазары»і аддаецца за кактэйль, для нас таксама з'яўляецца жанчынай, звязанай з сэкс-бізнэсам», — удакладняе Нікановіч.

Пасля таго, як сацыяльны аўтрыч-работнік наладзіў кантакт з прадстаўніком групы рызыкі, яго мэта — давесці чалавека да кабінета, дзе яму зробяць экспрэс-тэст на ВІЧ. Па словах экспертаў, правядзенне тэсту — самы дзейсны сродак другаснай прафілактыкі.

Так выглядае прыбор, які дазваляе правесці экспрэс-тэст на ВІЧ па сліне. Звычайна тэст на ВІЧ робяць па крыві, вынікі атрымліваюць у лепшым выпадку на наступныя суткі, звычайна — праз 3—5 дзён.

«Спачатку мы праводзім датэставае кансультаванне. Далей робім экспрэс-тэст на ВІЧ па сліне, ужо праз 20 хвілін атрымліваем вынік.

За тыя 20 хвілін, якія трэба пачакаць, праводзім гутарку. Але як правіла, чалавек, які чакае вынік, нас не слухае. Ён ківае галавой, паралельна нешта цярэбіць у руках. Неяк мы далі хлопцу візітоўку, і за час чакання вынікаў ён працёр яе пальцамі да стану анучкі. Калі аб'яўляем вынікі тэстаў, а ў нашым цэнтры станоўчых не было, у хлопцаў трасуцца рукі, яны плачуць, крычаць: «Ды я больш ніколі!» — распавядае Таццяна Шчасная. — «Затым мы праводзім паўторную паслятэставую кансультацыю аб ВІЧ-інфекцыі, гэтым разам хлопцы слухаюць вельмі ўважліва».

***

Толькі за восем месяцаў гэтага года ў Беларусі выяўлена 1.148 новых ВІЧ-інфіцыраваных. Усяго ў краіне на 1 верасня афіцыйна зарэгістравана 13.042 чалавека, рэальная колькасць ВІЧ-інфіцыраваных складае да 40.000 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?