28-гадовая Ірына Барыс расказвае, што пасля такога абеду ў яе быў шок. Яна нават забылася папрасіць Кнігу скаргаў. А яе сваякі так і не рашыліся з’есці беляшы, нават калі іх замянілі на іншыя.
Запіс пра свой абед дзяўчына размясціла ў сацыяльных сетках.
Поўсць падобная на мышыную альбо пацучыную
У той дзень у маладзечанскім кафэ Ірына заказала пюрэ, шніцаль, кавалачак хлеба і фруктовы чай. Калі па звычцы яна пачала відэльцам адломваць кавалак шніцаля, то ўбачыла там поўсць. А як прыгледзелася, то ўбачыла яшчэ і скуру.
– Калі я не памыляюся, – заўважае дзяўчына. – Поўсць падобная на мышыную ці пацучыную.
Ірына адзначае: «Гэта ўжо не першы выпадак! Учора мае сваякі зайшлі перакусіць у кафэ. Узялі сабе бяляш. А там сюрпрыз – таксама камяк поўсці. Яны аднеслі гэта шчасце прадавачцы. Тая сказала, што гэта першы выпадак. А сама пачырванела ад сораму. Аднак не разгубілася і замяніла бяляш. Ды толькі маім сваякам пасля такога расхацелася есці. Яны развярнуліся і пайшлі з кафэ».
«Адкуль гэтая поўсць, не можам сказаць»
Тамара Мядзведская, повар у кафэ, патлумачыла:
– Да нас сапраўды звярнуліся два чалавекі, якія знайшлі поўсць у стравах – у беляшы і ў шніцалі. Адкуль гэтая поўсць, мы не можам сказаць. Фарш у кафэ мы не робім самастойна. Заказваем яго ў аднаго з мясакамбінатаў нашага рэгіёна. Магчыма, жывёлу, якая прызначалася на фарш, дрэнна абсмалілі. Таму і трапіўся кавалачак скуры з поўсцю.
Людзям, у стравы якіх трапіліся кавалачкі поўсці, кафэ вярнула грошы.
Прасіце Кнігу скаргаў
Таццяна Кугара, загадчыца аддзела гігіены харчавання Маладзечанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, адзначыла, што ў такіх выпадках трэба выклікаць адміністратара. У Кнізе скаргаў і прапаноў запісаць тое, што не задавальняе ў абслугоўванні. Таксама паведаміць у цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
– Калі супрацоўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пачынаюць праверку пэўнай установы харчавання, то спачатку правяраюць Кнігу скаргаў і прапаноў, – адзначае Таццяна Кугара.
У цэнтры гігіены і эпідэміялогіі нам сказалі, што гэта кафэ чакае праверка ў лістападзе. Аб выніках яе «Рэгіянальная газета» раскажа пазней.





