Падводная лодка U-576.
Амерыканскія даследчыкі знайшлі нямецкую падводную лодку, патопленую авіяцыяй летам 1942 года, каля ўзбярэжжа штата Паўночная Караліна, паведаміла Сі-Эн-Эн на гэтым тыдні.
Лодка пад індэксам U-576 ляжала на дне ў 230 метрах ад амерыканскага танкера Bluefields, патопленага ёй у баі.
«Гэта не проста знаходка аднаго карабля, мы знайшлі месца важнай бітвы, якая была часткай Бітвы за Атлантыку. Гэтыя два караблі аддзеленыя ўсяго некалькімі сотнямі метраў і дапамагаюць нам зразумець іх забытую гісторыю», — кажа Джо Хойт, кіраўнік экспедыцыі, якая знайшла караблі.
Лодка цяпер.
Амерыканскі танкер патануў, але ўся ягоная каманда была ўратаваная. Увесь экіпаж нямецкай падводнай лодкі — 45 чалавек — загінуў.
У баі падлодка, якую ўжо атакавалі баявыя караблі, што ахоўвалі канвой, здолела цяжка пашкодзіць яшчэ два судны.
Падчас Бітвы за Атлантыку, як яе назваў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль у 1941 годзе, Нямеччына спрабавала масіраваным выкарыстаннем падводных лодак разарваць марскія камунікацыі паміж Брытаніяй, яе заморскімі ўладаннямі і ЗША.
Пералом у змаганні, як лічыцца, наступіў у 1943 годзе, дзякуючы новым тэхналогіям, выкарыстаным ЗША і Брытаніяй, і дапамозе авіяцыі.





