Для мінскага «Дынама» трэці матч групавога этапа Лігі Еўропы супраць французскага «Генгама» быў ці не апошняй надзеяй за нешта пазмагацца ў еўракубках. На жаль, у першых гульнях беларусы атрымалі дзве буйныя паразы ад грэчаскага ПАОКа і італьянскай «Фіярэнціны».
«Генгам» – зручны для сканчэння чорнай серыі супернік. Каманда займае перадапошняе месца ў чэмпіянаце Францыі. Нават букмекеры называлі фаварытам мінскі клуб.
Першы тайм пацвердзіў, што «Генгам» па зубах «Дынама». Беларусы з месца рынуліся ў атаку. Ужо на трэцяй хвіліне Фігерэда патрабаваў прызначыць пенальці ў вароты суперніка. Сапраўды, падалося, што абаронца прыняў нашага ўругвайца на сцягно.
Моманты былі ў Джа Джэджэ, які выйшаў на вастрыні дынамаўскай атакі. А Ненад Адамавіч з даволі выгаднай пазіцыі ўдарыў проста ў рукі брамніку «Генгама». Нельга сказаць, што не агразаліся і французы. Яны раз за разам спрабавалі злавіць мінчукоў на контратаках, але абарона не давала збояў.
Відаць, варта асобна адзначыць дынамаўскіх фанатаў, якія ў марознае надвор’е выбраліся ў Барысаў на гульню. Фан-сектар налічваў чалавек чатырыста. Хлопцы вельмі добра падтрымлівалі сваю каманду, не сціхаючы на працягу ўсяго матчу.
На 54-ай хвіліне выдатную магчымасць забіць не скарыстаў абаронца Сяргей Канцавы. Абаронца далучыўся да атакі «Дынама» падчас вуглавога і мяч якраз сустрэўся з ягонай галавой, але брамнік быў на месцы.
Стасевіч і Вераціла арыгінальна разыгрывалі штрафны, але ўдар апошняга быў блакаваны і пераведзены на кутні. У тым розыгрышы добра біў Нікаліч, але мяч паляцеў вышэй перакладзіны.
Чым меней часу заставалася да фінальнага свістка, тым часцей атакавала «Дынама», а «Генгам» усё радзей пераходзіў палову поля беларусаў. Здавалася, што гол вось-вось ускалыхне сетку варот гасцей.
На 79-ай хвіліне супершанец не скарыстаў Слабадан Сімавіч. Брамнік ужо выключаны з моманту, але падвяла дакладнасць серба.
Дзеля справядлівасці заўважым, што самы добры момант упусцілі гульцы «Генгама». Мандан вырваўся адзін на адзін з Ігнатовічам. Наш брамнік спачатку дзёрнуўся наперад, а потым спыніўся. Цудам мяч трапіў у штангу, а на дабіванні нікога не было.
«Дынама» так і не забіла ў канцоўцы – 0:0. Шкада, так хацелася, каб беларускі футбол прыгожа рэабілітаваўся пасля паразы БАТЭ. Праз два тыдні «Дынама» і «Генгам» згуляюць ужо ў Францыі.





