Вядомы расійскі акцёр Іван Ахлабысцін у размове з тэлеканалам Russia Today заявіў, што «нібыта памерлыя» ад віруса Эболы людзі праз некалькі дзён ажываюць. Пры гэтым акцёр правёў паралель з фільмамі пра жывых мерцвякоў, г.зн. зомбі, паведамляе Дождь.
«У апошні час, у кінамастацтве ўзмоцнена мусіравалася тэма «жывых мерцвякоў». А я чуў, што шмат выпадкаў, калі людзі, нібыта ўжо памерлыя ад віруса Эболы, ажывалі праз некалькі дзён. Мне нідзе пакуль не ўдалося даведацца: што ў іх там з мазгамі? Але арбалет на ўсялякі выпадак купіў», — заявіў Ахлабысцін RT у адказ на просьбу пракаментаваць сітуацыю з сусветнай эпідэміяй Эболы.
Акцёр спецыяльна удакладніў, што ён не жартуе: «Калі вы думаеце, што я жартую — вы таксама памыляецеся».
Учора стала вядома, што Латвія ўнесла Ахлабысціна ў «чорны спіс».
Міністр замежных спраў Эдгар Рынкевіч растлумачыў сваю пазіцыю ў Twitter тым, што праімперскія выказванні акцёра распальваюць этнічную варожасць. Акрамя таго, пазней Рынкевіч дадаў, што на прыняцце рашэння аб уключэнні ў «чорны спіс» паўплывалі заявы Ахлабысціна пра тое, што геяў трэба спальваць.
А вось у Мінску Іван Ахлабысцін выступіць 13 лістапада (КЗ «Мінск») з працягам сваіх «Духоўных гутарак». Больш за палову білетаў ужо распрадалі.





