Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) прадстаўляе кнігу «Голас волі з-за кратаў: Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных» (укладальнік і рэдактар – выкладчык ЕГУ палітолаг д-р Аляксандр Фядута).
Прэзентацыя кнігі д-ра Фядуты (які сам таксама быў зняволены па палітычных матывах) адбудзецца ў сераду 29 кастрычніка а 17:00 у навучальным корпусе ЕГУ (Вільня, Valakupių 5, аўд. 213), паведамляе прэс-служба ўніверсітэта.
Анталогія «Голас волі з-за кратаў» утрымлівае вершы, успаміны, дзённікавыя запісы, апавяданні і артыкулы, якія напісалі грамадзяне Беларусі, што зазналі або працягваюць зазнаваць палітычны пераслед. Сярод аўтараў – вядомыя паэты, журналісты, палітыкі, але таксама і аўтары, чые творы друкуюцца ўпершыню.
Апрача самога А.Фядуты, у прэзентацыі возьмуць удзел пяць аўтараў кнігі:
— Уладзімір Някляеў – паэт, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, фундатар адной са стыпендый ЕГУ,
— Павел Шарамет – журналіст навіннага партала belaruspartisan.org,
— Алесь Кіркевіч – журналіст з Горадні, былы палітвязень,
— Зміцер Дашкевіч – лідар Маладога Фронту, былы палітвязень,
— Валянціна Аліневіч – маці палітзняволенага Ігара Аліневіча.





