Шведскія даследчыкі Сушытра Сумітран-Хольгерсан з Гётэборгскага Універсітэта і Мікаэль Олаўсан з Сальгрэнскага акадэмічнага шпіталя змаглі вырасціць двум пацыентам вены, прыдатныя для трансплантацыі. Пры гэтым матэрыялам для стварэння органаў стала невялікая колькасць крыві саміх пацыентаў.

Пра гэта паведамляе артыкул у свежым часопісе EBioMedicine. Аднак аперацыі былі праведзеныя яшчэ ў 2012 годзе.

Двум маленькім дзецям бракавала вены, што злучае страўнікава-кішачны тракт з печанню. Таму ўрачы вырашылі вырасціць вены і перасадзіць іх дзецям.

Падобную маніпуляцыю ўжо ажыццяўлялі раней у Сальгрэнскім акадэмічным шпіталі. Тады вену вырасцілі са ствалавых клетак касцянога мозгу пацыента. Аднак працэдура свідравання касцянога мозгу надзвычай балючая, таму Сумітран-Хольгерсан і Олаўсан вырашылі здабыць ствалавыя клеткі наўпрост з крыві.

У дзяцей узялі па 25 мілілітраў крыві (каля дзвюх сталовых лыжак) — мінімальны аб'ём для выдзялення неабходнай колькасці ствалавых клетак.

Усяго за тыдзень былі вырашчаныя вены, якія паспяхова трансплантавалі дзецям. У папярэднім выпадку дадзены працэс заняў месяц. Сушытра Сумітран-Хольгерсан сказала, што кроў утрымлівае кампаненты, якія падганяюць рост, таму тэрмін стварэння органа быў такі кароткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?