Унікальны альбом-каталог «Кніжная спадчына Беларусі» прадстаўлены 28 кастрычніка ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) у Мінску. 

Выданне гэтага альбома-каталога прымеркаванае да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Праект «Кніжная спадчына Беларусі» падрыхтаваны выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» сумесна з НББ па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі. У альбоме сабраныя важнейшыя ўзоры нацыянальнай кніжнай спадчыны з фондаў бібліятэкі: рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, а таксама выданні, прысвечаныя беларускай тэматыцы, рэдкія і каштоўныя кнігі, картаграфічныя і выяўленчыя выданні, кнігі з вядомых беларускіх збораў. Усяго ў каталогу больш за 400 старонак тэкстаў і тысячы ілюстрацый. Выданне выканана на беларускай, рускай і англійскім мовах. 

На прэзентацыі кнігі намеснік дырэктара НББ па навуковай працы, вядучы ўкладальнік каталога Алесь Суша зазначыў, што «напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігавыдавецтва гэты альбом бачыцца надзвычай актуальным». Паводле яго слоў, выданне атрымалася свайго роду «даведнікам па свеце беларускай кнігі», бо яно дае магчымасць «паказаць тое багацце і разнастайнасць кніжнай спадчыны, якое атрымалася захаваць». «Упэўнены, што неўзабаве з'явіцца другое выданне гэтай кнігі, таму што ў нас засталіся пэўныя напрацоўкі, якія цяпер мы не змаглі ў поўным аб'ёме паказаць, напрыклад спадчына перыядычных выданняў і многае іншае», — сказаў намеснік дырэктара бібліятэкі. 

«Прыемна, што сёння ў нас ёсць такое выданне, — адзначыў Суша. — Хай не ўсе нашы чаканні апраўдаліся, але кніга атрымалася годнай і ў плане паліграфічнага выканання, і ў плане падбору матэрыялу. У ёй утрымліваюцца тэксты з розных помнікаў кнігавыдавецтва: рукапісных і друкаваных, старажытных і адносна сучасных. Разам мы змаглі паказаць багацце кніжнай спадчыны Беларусі». 

У сваю чаргу галоўны рэдактар «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» Ларыса Языковіч нагадала, што гэты праект працягвае традыцыю супрацоўніцтва выдавецтва з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Упершыню кніга была прадстаўленая ў канцы жніўня гэтага года на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі, аднак, паводле яе слоў, ужо цяпер выданне «стала рарытэтам». 

«Наклад быў усяго адна тысяча асобнікаў, 800 з якіх выкупіла Міністэрства інфармацыі, — расказала галоўны рэдактар выдавецтва. — Асобнікі кнігі як сацыяльна значнага выдання распаўсюджваюцца па бібліятэках Беларусі, аддзелах культуры і моладзі райвыканкамаў, прамысловых прадпрыемствах. Робіцца гэта для таго, каб нашы скарбы, як кажуць, ішлі ў народ». 

Языковіч таксама не выключыла, што ў бліжэйшыя гады «Кніжная спадчына Беларусі» будзе дапоўненая і перавыдадзеная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?