фота з Twitter Белгідрамета
З самай раніцы ва ўсім Мінску пахне дымам. Пра гэта паведамляюць карыстальнікі ў сацыяльных сетках. Пахне ў Малінаўцы, Курасоўшчыне, на Паўднёвым Захадзе, Каменнай Горцы, у Серабранцы, Лошыцы, Чыжоўцы, у цэнтры горада (плошча Незалежнасці, плошча Перамогі) у раёне плошчы Бангалор. Аналагічная сітуацыя — у Віцебску, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Валожыне, Заслаўі, Бараўлянах, паведамілі чытачы «Нашай Нівы».
У сваім Twitter МНС піша, што прычынай можа быць смог.
«Ні ў Мінску, ні ў Мінскім раёне нічога не гарыць / не гарэла. Магчымая прычына смогу (са слоў эколагаў) — поўная адсутнасць ветру за суткі», напісана ў допісе а 8-й раніцы.
Twitter Белгідрамета піша, што бачнасць у Мінску пагоршала з-за дыму. Гэта не туман — вільготнасць усяго 70%. І пахне дымам, піша Twitter Белгідрамета.
Смог нясе пагрозу астматыкам і алергікам. Ім можна рэкамендаваць заставацца дома і не адкрываць акон.
Смог тлумачыцца метэаралагічнай з'явай — тэмпературнай інверсіяй.
Інверсія тэмпературы перашкаджае вертыкальным перасоўванням паветра і спрыяе ўтварэнню туману, смогу, аблокаў, міражоў. Халоднае паветра можа спускацца ўніз і назапашвацца, а над халодным пластом там будзе больш цёплае паветра, якое ўтварае воблака або лёгкі туман. Калі інверсія праяўляецца ў вялікіх маштабах, пыл і бруд (смог), што ўздымаюцца ў атмасферу, застаюцца там і назапашваюцца.





