Забароненая прадукцыя з ЕС надалей трапляе ў Расею. Пра гэта паведамілі ў Рассельгаснаглядзе.

«24 кастрычніка аўтамабіль з расліннай прадукцыяй (яблыкі, таматы, капуста квяцістая), вырашчанай у Польшчы, агульнай вагай блізу 20 тон, што ехаў з Беларусі ў Казахстан у суправаджэнні фітасанітарнага сертыфікату, выдадзенага Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй насенняводства, каранціну і аховы раслін Беларусі, прайшоў праз пункт фітасанітарнага кантролю, размешчаны ў Пскоўскай вобласці блізу беларуска-расейскай мяжы, пра што сведчыць адбітак пячаткі установы Рассельгаснагляду Цвярской і Пскоўскай абласцей на адваротным баку фітасанітарнага сертыфікату», — гаворыцца ў паведамленні.

Трыма толькі днямі пазней, 27 кастрычніка гэтага года, нягледзячы на тое, што Пскоў і Петрапаўлаўск падзяляе больш за тры тысячы кіламетраў, той жа аўтамабіль, з такім жа асартыментам польскай прадукцыі, у суправаджэнні таго ж самага экзэмпляру пазначанага пячаткай Рассельгаснагляду фітасанітарнага сертыфікату, паспрабаваў заехаць на тэрыторыю Бранскай вобласці Расеі, як і раней, «для наступнага транзіту прадукцыі ў Казахстан».

Як мяркуюць у Рассельгаснаглядзе, гэта сведчыць аб тым, што першая партыя прадукцыі была разгружаная на тэрыторыі Расеі, пасля чаго машына вярнулася ў Польшчу за новай партыяй «транзітнага грузу».

«Як парушэнне правілаў транзіту, так і паўторнае выкарыстанне фітасанітарнага сертыфікату, з'яўляюцца грубым парушэннем міжнароднага заканадаўства, заканадаўства Мытнага саюза, Расеі і Беларусі ў галіне каранціну раслін. Груз затрыманы, вядзецца расследаванне ў дачыненні да ўдзельнікаў схемы незаконнага ўвозу расліннай прадукцыі ў Расею», — гаворыцца ў паведамленні расейскага ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?