Прыстанак праклятых
Жанр: трылер, драма
Рэжысёр: Брэд Андэрсан
У ролях: Кет Бэкінсэйл, Майкл Кейн, Джым Сцёрджэс, Бэн Кінгслі, Брэндан Глісан, Дэвід Цьюліс, Джэйсан Флемінг.
ЗША, 112 хв.
1899-ы. Толькі скончыўшы Оксфард, малады псіхіатр Эдвард Ньюгейт уладкоўваецца ў элітную псіхіятрычную лякарню.
Нягледзечы на цёплы прыём галоўнага доктара Лэнга, Эдвард здзіўляецца новым метадам лячэння — разняволенасці і свабодзе, у якіх жывуць пацыенты. Асабліва яму падабаецца Эліза Грэйвз, вытанчаная піяністка. Аднак хутка малады доктар знаходзіць у сутарэннях сапраўдны персанал лякарні, які трымаюць за кратамі…
Фільм створаны па матывах апавядання Эдгара Алана По «Сістэма доктара Смоля і прафесара Перо».
Ад яго ў стужцы засталася толькі сама лякарня, якая месціцца ў адным з замкаў у гарах Францыі (дзеянне фільма перанесенае ў Англію) і захопленая вар’ятамі, а таксама малады чалавек, трохі абазнаны ў псіхіятрыі, які прыязджае паглядзець яе. Аднак сюжэт атрымаўся закручаным і надзвычай глыбокім, у ім стае нечаканых паваротаў. Выдатная ігра зорных акцёраў надала персанажам аб’ёму.