У студыях грамадскага чэшскага тэлебачання і радыё карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» вывучала, як працуюць медыя, не залежныя ад дзяржавы і бізнэсу, і ці рэальна рэалізаваць гэтую мадэль у Беларусі.

У калідорах грамадскага чэшскага ТБ вывешаны партрэты журналістаў

У калідорах грамадскага чэшскага ТБ вывешаны партрэты журналістаў

Палітычны аглядальнік Лібар Дворжак упэўнены: грамадскае вяшчанне значна больш незалежнае ад палітыкаў, чым дзяржаўнае. Напрыклад, у Ізраілі або ў Францыі на дзяржаўным радыё і тэлебачанні пасля таго, як на выбарах выйграе тая ці іншая палітычная партыя, мяняецца ўвесь менеджмент у СМІ.

— У нас такога няма. Згодна з законам, Рада Чэшскага радыё з'яўляецца органам, які ў інтарэсах грамадства кантралюе працу радыё над праграмамі і вяшчаннем. Рада працуе незалежна ад арганізацыйнай структурай Чэшскага радыё. У ёй дзевяць асобаў, якіх па заяўках грамадскіх аб'яднанняў, арганізацый і рухаў абірае ніжняя палата парламента Чэшскай Рэспублікі.

Рада абірае генеральнага дырэктара Чэшскага радыё на шасцігадовы тэрмін. У яе паўнамоцтвах і вызваленне гендырэктара ад займанай пасады.

Падчас экскурсіі на студыю радыё Český rozhlas Лібар Дворжак прапанаваў пакатацца на ліфце «патэрностэр», ці як яго яшчэ называюць «Ойча наш». Кабінкі ў ім — гэта канвеер, які знаходзіцца ў няспынным руху. Дзвярэй у ім няма, і кабінкі заўсёды адчыненыя.

«Навошта нам кожны месяц плаціць за радыё і тэлебачанне?»

На думку Лібара Дворжака, для журналістаў грамадскае радыё і ТБ даюць значна большую свабоду, у параўнанні з прыватнымі СМІ. І выйграюць ад гэтага гледачы і слухачы. Праўда, нельга сказаць, што ўсе чэхі падзяляюць гэтую пазіцыю і ўсведамляюць важнасць незалежнага ад дзяржавы вяшчання.

— Калі я прыязджаю ў сваю родную вёску, сустракаю ў бровары сяброў і чую ад іх: «Навошта нам кожны месяц плаціць 80 крон (4 даляры) за радыё і 130 крон (7 даляраў) за тэлебачанне?» — я тлумачу, што калі ўсе СМІ будуць у прыватных і дзяржаўных руках, вы не атрымаеце ўзважаную і аб'ектыўную інфармацыю, — дзеліцца Лібар. — Адукаваныя людзі, вядома, выдатна разумеюць, чаму важныя грамадскія медыя.

Грамадскае тэлерадыёвяшчанне ў Чэхіі ўзнікла ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Пасля падзення камуністычнага рэжыму дзяржаўныя тэлебачанне і радыё сталі грамадскімі.

У студыі Český rozhlas

У студыі Český rozhlas

— У часы СССР у Чэхіі ў ідэю камунізму не верыў амаль ніхто. Для таго, каб працаваць на ТБ, неабавязкова было быць у партыі. Мы і не падазравалі, што эпоха скончыцца так хутка. У 1989-м камуністы арганізавалі ў Чэхіі перадачу Першага канала, які быў самы перабудоўны. Калі яго з вялікім шумам запусцілі, раптам аказалася, што ён па іх мерках амаль антыкамуністычны.

Лібар Дворжак успамінае, як набіралі новы штат супрацоўнікаў на грамадскае тэлебачанне і што сталася з журналістамі, якія раней працавалі на дзяржаўным вяшчанні.

— Адбор праводзіў новы менеджмент. Калі я прыйшоў на чэшскае тэлебачанне ў 1992-м, было пададзена 165 заявак — прынялі 11 чалавек, — распавядае журналіст.

Цікава, што на радыё засталося больш людзей той эпохі. На тэлебачанні журналістаў з службы вяшчання навін прыбралі амаль усіх. Журналісты, якія асвятлялі спартыўныя падзеі і ездзілі ў капіталістычныя краіны, амаль усе былі супрацоўнікамі таемнай паліцыі. Практычна ўсе яны страцілі працу. Тыя людзі, якія засталіся за бортам, сышлі ў рэкламу або ў прыватныя СМІ.

У студыі Český rozhlas трапляеш у своеасаблівы музей радыё

У студыі Český rozhlas трапляеш у своеасаблівы музей радыё

Трансфармацыя: ад Бі-бі-сі — да скандынаўскай мадэлі

Тлумачачы ключавыя прынцыпы працы на грамадскім вяшчанні, калега прыводзіць палажэнні Этычнага кодэкса Чэшскага радыё.

Чэшскае радыё з'яўляецца сродкам службы грамадскасці і ў сваёй працы кіруецца прынцыпамі свабоды і незалежнасці свайго вяшчання. Падтрымлівае салідарнасць у грамадстве і інтэграцыю ўсіх індывідаў, груп і суполак. У сваёй працы журналісты павінны пазбягаць культурнай, сэксуальнай, рэлігійнай, расавай і палітычнай дыскрымінацыі і грамадскай сегрэгацыі.

— Наша радыё — форум для грамадскай дыскусіі, якая дазваляе выяўляць шырокі спектр поглядаў і меркаванняў. Гэта незалежнае і непрадузятае вяшчанне аб'ектыўнай інфармацыі, каментароў і аналізу, — кажа Лібар Дворжак.

Як гледачы і слухачы могуць уплываць на кантэнт грамадскага вяшчання, ці ўспрымаюць яны яго як сваё, народнае, пытаюся калегу.

— Я баюся, што не многія гэта разумеюць, — дзеліцца Лібар Дворжак. — І на радыё, і на тэлебачанне людзі звяртаюцца з пытаннямі: «Вось вы жывяце за нашы грошыкі, а мы хацелі б гэта і гэта. Чаму гэтага няма?»

Калі мы пачыналі, эталонам для нас была кампанія Бі-бі-сі. Зараз новы менеджмент як узор разглядае скандынаўскую мадэль, перш за ўсё, з эканамічных меркаванняў.

— Калі раней у кожнай станцыі Чэшскага радыё быў свой штат супрацоўнікаў, то сёння створаны прадзюсарскія цэнтры, і журналісты рыхтуюць праграмы для розных станцый, — тлумачыць Лібар Дворжак. — Мне прыемна, што я магу працаваць і для іншых, але з іншага боку, на мой погляд, ствараецца ўражанне, што ў пагоні за масавай аўдыторыяй радыёстанцыя губляе свой твар, нівеліруецца.

На думку Лібара, грамадскае радыёвяшчанне, як і камерцыйнае, кіруецца густам абывацеляў. У той жа час Чэшскае радыё, якое штогод атрымлівае 2 мільярды крон ад слухачоў, у сваёй структуры мае не толькі станцыі для сям'і, дзяцей, аматараў джаза, класічнай музыкі, але і станцыю для патрабавальнай публікі, дзе ёсць аналітычныя праграмы і не гучыць музыка.

— Мы павінны задавальняць усе катэгорыі слухачоў, — кажа Лібар.

— Якая матывацыя ў журналістаў працаваць на грамадскім радыё або тэлебачанні?

— Праца ў грамадскіх СМІ з'яўляецца прэстыжнай. Нават калі рэйтынг гэтых медыя ніжэйшы, чым у прыватных радыёстанцый. Вы можаце стаць заўважным журналістам і ў камерцыйным праекце, але хутчэй гэта магчыма ў грамадскім, — лічыць Лібар Дворжак.

Паводле яго слоў, заробкі ў прыватных медыя вышэйшыя, чым на грамадскім радыё або ТБ, дзе журналіст можа зарабляць ад тысячы да паўтары тысячы даляраў у месяц. Для параўнання: у камерцыйным праекце іх калегі зарабляюць 2,5—3 тысячы даляраў.

— Але гэта справа асабістая. Што для вас важней: грошы ці журналісцкая свабода і незалежнасць, — заключае калега. — Я назіраю тэндэнцыю, калі з прыватных радыёстанцый людзі прыходзяць працаваць да нас.

«Чэшскі народ плаціць мне не за мае погляды, а за прафесійную працу»

Загадчык аддзела вядоўцаў тэлеканала ЧТ-24 Чэшскага тэлебачання Якуб Жэлезны на грамадскім вяшчанні з 1993 года.

Якуб Жэлезны — зорка чэшскага грамадскага тэлебачання

Якуб Жэлезны — зорка чэшскага грамадскага тэлебачання

— Мой бацька быў генеральным дырэктарам самай буйной прыватнай тэлекампаніі. Менавіта таму я вельмі хацеў працаваць на грамадскім тэлебачанні. Для мяне гэта самая лепшая праца, — распавядае ён. — Я працую тут, таму што грамадскае тэлебачанне для мяне гарантуе самую вялікую незалежнасць і свабоду. Гэта не значыць, што ў нас свабода абсалютная. Напрыклад, я не магу сёння ўвечары сказаць, што я думаю пра прэзідэнта або прэм'ер-міністра. Але я магу спытаць прэзідэнта і прэм'ер-міністра пра ўсё, што хачу.

Чэшскі народ плаціць мне не за мае погляды, а за прафесійную працу. Мне не трэба мільёнаў. Дастаткова тых грошай, якія я зарабляю тут.

У грымёрцы на Чэшскім тэлебачанні

У грымёрцы на Чэшскім тэлебачанні

Па словах Якуба, людзі глядзяць грамадскае тэлебачанне, таму што ведаюць, што гэта будзе сур'ёзна, прафесійна і без эфектаў, якія яны знойдуць на прыватных тэлеканалах.

— Нашы гледачы чакаюць ад нас прафесійнай інфармацыі пра палітыку і значныя падзеі. Калі ў краіне праходзяць выбары ці здараецца катастрофа, яны ўключаюць наш канал, — кажа Якуб.

У той жа час, адзначае суразмоўца, часам тэлегледачы папракаюць журналістаў у неаб'ектыўнасці.

— Калі ў студыю прыходзіць палітык з партыі А, мой пытанне будзе такім: «Вы з партыі А, але партыя Б сказала, што …». Гэта не значыць, што я падтрымліваю партыю Б, хоць у гледача можа скласціся такое падманлівае ўражанне.

— Як змяніла чэшскае грамадства грамадскае тэлебачанне?

— Я баюся, што наша грамадства ў летаргіі. Ідэалы, якія былі 25 гадоў таму, і дэмакратычныя каштоўнасці сёння не з'яўляюцца для людзей галоўным. У іх іншыя прыярытэты. На жаль, многія забыліся пра тое, чаму 25 гадоў таму мы выйшлі на плошчу і звінелі ключамі.

У 1989-м я таксама быў на вуліцы. І гэта быў найлепшы для мяне досвед. 25 гадоў прайшло пасля рэвалюцыі, але не трэба забываць пра гэта. Такіх, як я, вельмі мала…

Майму сыну тры гады. Першы яго малюнак — сцяг Чэхіі. Людзі паміралі за гэты сцяг…

«У цяперашняй сітуацыі грамадскае тэлерадыёвяшчанне ў Беларусі выконвала б тыя ж функцыі, што і дзяржаўнае»

Ці магчыма ўжыць чэшскі досвед рэфармавання тэлерадыёвяшчання ў Беларусі?

— Грамадскае тэлерадыёвяшчанне з'явілася як магчымасць знайсці залатую сярэдзіну паміж дзяржаўным тэлерадыёвяшчаннем, якое стаіць на пазіцыях прапаганды і адстойвання інтарэсаў улады, і прыватным вяшчаннем, якое, у першую чаргу, стаіць на варце бізнэсу, — нагадвае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец. — Грамадскае вяшчанне павінна даносіць інфармацыю ў адпаведнасці са стандартамі якаснай журналістыкі.

У прынцыпе ў большасці краін Еўрасаюза яно працуе па гэтых прынцыпах, у адрозненне ад постсавецкіх дзяржаў. Напрыклад, у Азербайджане пад выглядам грамадскага вяшчання тэлегледачу прапануюць вядомы прадукт. Гэта ў прынцыпе тое ж самае дзяржаўнае вяшчанне — толькі пад іншай маркай.

Стварыць у Беларусі грамадскае вяшчанне вельмі проста, іранізуе суразмоўца.

— Трэба адарваць ад улады Белтэлерадыёкампанію, паставіць паміж імі незалежны рэгулюючы орган, які фарміруецца на празрыстай аснове і па дэмакратычных працэдурах. І ўсё. Дарэчы, у Чэхіі трансфармацыя праводзілася менавіта такім чынам.

Гэта ідэальная канструкцыя, якая ў цяперашніх умовах недасягальная, бо рэгулюючы орган у нас ствараецца, па сутнасці, прызначэннем. Зразумела, што ад змены шыльды на дзвярах у апараце нічога не зменіцца. І нічога не зменіцца ў тых людзях, якія праводзяць лінію органаў улады.

Грамадства павінна атрымліваць збалансаваную і рознабаковую інфармацыю, якая не залежыць ні ад палітычнай волі, ні ад волі бізнэс-элітаў, падкрэслівае эксперт. Але з развіццём інтэрнэту ідэя грамадскага тэлебачання ўсё часцей падпадае пад крытыку, адзначае ён.

— Тым больш што нават у тых краінах, дзе яно ёсць, вельмі часта тэлегледачы выбіраюць іншае ТБ.

На думку Андрэя Бастунца, сёння ў Беларусі стварыць грамадскія медыя немагчыма.

— У цяперашняй сітуацыі грамадскае тэлерадыёвяшчанне ў Беларусі выконвала б тыя ж функцыі, што і дзяржаўнае, — мяркуе ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?