Былы «найвышэйшы лідэр нацыянальнага вызвалення Панамы» Мануэль Нар’ега прайграў суд з выдаўцом гульні Call of Duty: Black Ops II, дзе ён з’яўляецца адным з галоўных антаганістаў, паведамляе The Verge са спасылкай на Associated Press.

Мануэля Нар’егу не задавольнала «ўзбагачэнне на яго імені», «вядзенне несумленнага бізнэсу» і «ўпушчаны прыбытак»: яго імя і знешнасць скарысталі распрацоўшчыкі відэагульні 2012 года Call of Duty: Black Ops II, у якой героі пераследуюць Нар’егу, вінаватага ў шматлікіх выдуманых злачынствах.

Позву супраць выдаўца гульні Activision 80-гадовы Нар’ега падаў у суд Лос-Анжэлеса ў ліпені 2014 года.

Суддзя Уільям Фагей адхіліў позву 28 кастрычніка, спаслаўшыся на першую папраўку канстытуцыі ЗША, якая гарантуе свабоду слова.

З 1989 года, пасля звяржэння ў выніку вайсковай аперацыі ЗША ў Панаме, Нар’ега знаходзіцца за кратамі за забойствы з палітычных матываў.

Імя і вобраз Нар’ега таксама выкарыстоўваецца сярод іншых рэальных палітыкаў ў серыі стратэгічных гульняў Tropico. СУпраць распрацоўшчыкаў Tropico ён не падаваў позваў.

Падобная позва зараз разглядаецца ў Нью-Ёрку: актрыса Ліндсі Лохан падала ў суд на распрацоўшчыкаў гульні Grand Theft Auto 5. Яна заяўляе аб наўмысным капіяванні яе вобраза ў персанажы гульні і на рэкламных постэрах. Распрацоўшчыкі гульні сцвярджаюць, што легальна выкарыстоўвалі для постэра вобраз іншай мадэлі, Шэлбі Уэліндэр. Таксама яны заяўляюць, што Лохан «спрабуе нажыцца на раскручаным брэндзе» і што «заўважыла падабенства толькі праз год па выхадзе гульні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?