Рада Еўрапейскага саюза на год працягнула санкцыі ў дачыненні да Беларусі, да 31 кастрычніка 2015, паведамляе прэс-cлужба ЕС.
Як удакладняецца ў паведамленні, санкцыі былі «прадоўжаныя і абноўленыя». Працяг санкцый ЕС звязвае з тым, што «не ўсе палітычныя вязні былі вызваленыя і рэабілітаваныя», а сітуацыя з правамі чалавека, вяршэнствам закона і дэмакратычных прынцыпаў «істотна не палепшылася».
Апублікаванне тэксту рашэння Рады ЕС і яго ўступленне ў сілу чакаецца заўтра, адзначае прэс-служба ведамства.
У «чорны спіс» ўваходзяць кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і яго сыны — Віктар і Дзмітрый, міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, старшыня КДБ Валерый Вакульчык, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян і іншыя прадстаўнікі беларускай улады.
Гэты «спіс» быў сфармаваны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў сувязі са «шматлікімі парушэннямі правоў чалавека». Восенню 2008 года ЕС прыпыніў дзеянне гэтых санкцый, фармальна матываваўшы гэта рашэнне паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, аднак на практыцы гэта было зроблена ў той момант, калі Мінск вырашаў пытанне аб дыпламатычным прызнанні або непрызнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
«Чорны спіс» ЕС быў пашыраны пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў снежні 2010 года.





