У Магілёве грамадскія актывісты 31 кастрычніка пачалі збор подпісаў за аднаўленне Дубровенскай брамы — уязных варот у гарадскі замак, які цяпер не існуе.

«Ідэя адраджэння Дубровенскай брамы сярод магілёўскіх гісторыкаў і грамадскіх актывістаў з'явілася ўжо даўно. Штосьці было зробленае раней, але мясцовыя ўлады не былі ў гэтым зацікаўленыя. На месцы, дзе калісьці стаяла Дубровенская брама, улады прапанавалі зрабіць назіральную пляцоўку, аднак яна там так і не з'явілася, што ў прынцыпе добра, бо засталося месца для адраджэння брамы», — сказаў Ігар Барысаў, галоўны рэдактар незалежнага інтэрнэт-выдання «Наш Магілёў». 

На думку актывіста, адноўленая блізу плошчы Славы Дубровенская брама можа стаць яшчэ адным сімвалам горада і знаходзіцца ў адным шэрагу з ратушай, драматычным тэатрам, Астролагам, касцёлам Святога Станіслава і Свята-Мікольскім манастыром. Акрамя таго, яна будзе выдатным напамінам пра Магілёўскі замак, ад якога на сёння нічога не засталося, адзначае Барысаў. 

У якасці ўзору для аднаўлення брамы ён прапануе ўзяць яе выяву на адной з карцін магілёўскага мастака Васіля Камарова. 

Барысаў падкрэсліў, што збор подпісаў за аднаўленне Дубровенскай брамы праходзіць у межах інфармацыйнай кампаніі «Захаваем стары Магілёў», мэта якой заключаецца ў недапушчэнні разбурэння гістарычных будынкаў горада, іх своечасовым рамонце, а таксама адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?