Пасля катастрофы самалёта МіГ-29 61-й знішчальнай авіябазы Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі прыпыненыя палёты ўсёй ваеннай авіяцыі беларускай арміі, паведамілі ў ваенным ведамстве.
Калі будзе знятая забарона на палёты іншых тыпаў самалётаў, за выключэннем знішчальнікаў МіГ-29, пакуль невядома.
Нагадаем, катастрофа МіГ-29 61-й знішчальнай авіябазы здарылася 11 лістапада прыблізна ў 13.30 каля вёскі Літва Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Лётчык катапультаваўся. У выніку падзення самалёта пацярпелых і разбурэнняў няма. Пілот, знойдзены сіламі пошукава-ратавальнай каманды, не пацярпеў.
На месцы катастрофы працуюць следчыя і ваенныя. Для каардынацыі дзеянняў там жа знаходзіцца першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў.
Варта адзначыць, што інфармацыі аб аднаўленні палётаў Су-25 пасля катастрофы штурмавіка 30 верасня гэтага года пакуль не было.
Ці закране забарона на палёты баявой авіяцыі і расійскія Су-27, якія знаходзяцца на аэрадроме 61-й знішчальнай авіябазы, невядома.





