Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына спадзяецца, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2015 года будуць падтрыманыя як выбаршчыкамі, так і міжнароднай супольнасцю.

Аб гэтым яна заявіла, выступаючы 12 лістапада ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі «Выбарчыя працэсы на прасторы СНД».

Паводле слоў кіраўніка ЦВК, будучыя прэзідэнцкія выбары «ўжо выклікаюць пэўную цікавасць». «Я спадзяюся, што яны будуць падтрыманыя як выбаршчыкамі нашай краіны, так і прызнаныя міжнароднай супольнасцю, а таксама будуць спрыяць і працаваць на карысць нашай дзяржавы», — заявіла кіраўнік ЦВК. 

Найбольш верагоднай датай правядзення прэзідэнцкіх выбараў Ярмошына назвала нядзелю 15 лістапада 2015 года. 

Яна паведаміла, што выбары будуць прызначаныя дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. «Гэта адзіныя выбары, якія прызначаюцца не кіраўніком дзяржавы», — адзначыла старшыня Цэнтральнай камісіі. 

Ярмошына таксама паведаміла, што яўка выбаршчыкаў, пры якой будзе лічыцца, што выбары адбыліся, павінна быць не менш як 50% ад ліку грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. 

«Кандыдатам у прэзідэнты можа стаць грамадзянін Беларусі ўзростам не менш як 35 гадоў, грамадзянін па нараджэнні, які апошнія 10 гадоў пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і сабраў не менш як 100 тысяч подпісаў грамадзян», — адзначыла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?