Камета 67P/Чурумава-Герасіменкі знятая з зонда Rosetta. Фота Еўрапейскага касмічнага агенцтва.
Сёння модуль Philae аддзяліўся ад касмічнага зонда Rosetta і мусіць сесці на паверхню каметы 67P/Чурумава-Герасіменкі.
Philae аддзяліўся ад Rosetta у 11:35. Аперацыя па пасадцы апарата зойме каля сямі гадзін. За падзеяй можна сачыць у прамым эфіры.
Плануецца, што першы сігнал ад модуля Philae будзе перададзены на зямлю а 14-й гадзіне.
Місія Rosetta Еўрапейскага касмічнага агенцтва — першая ў гісторыі аперацыя па пасадцы на паверхню каметы. Rosetta была запушчана ў космас 2 сакавіка 2004 года. Праз 10 гадоў яна здолела выйсці на арбіту каметы 67P/Чурумава-Герасіменкі, якая цяпер знаходзіцца паміж арбітамі Марса і Юпіцера.
За дзесяць гадоў місіі Rosetta пераадолела 6,5 мільярда кіламетраў шляху. У выпадку паспяховай пасадкі, астраномы спадзяюцца атрымаць звесткі, якія дапамогуць зразумець, як выглядала Сонечная сістэма да фарміравання планет, бо каметы — самыя старажытныя аб'екты сонечнай сістэмы.





