Сёння ўдзень расійскі сайт Onedision абвясціў, што беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, які пяць разоў прыводзіў БАТЭ да залатых медалёў чэмпіянату Беларусі, звольнены з расійскай «Кубані».
Затым краснадарскі клуб гэту інфармацыю абверг.
Але праз некалькі гадзін Спорт-Экспресс паведаміў, што трэніроўку каманды пасля некалькіх выходных праводзіў памочнік галоўнага трэнера «Кубані» Арсен Папікян. Паводле СЭ,
Віктар Ганчарэнка сёння развітаўся з футбалістамі,
аднак пакуль афіцыйнага пацвярджэння яго звальнення пакуль не было. На сайце клуба інфармацыі няма.
Ганчарэнка ўзначаліў краснадарскі клуб у кастрычніку 2013 года, змяніўшы румына Дарынела Мунцяну.
Паводле «Спорт-Экспресса», пасаду галоўнага трэнера «Кубані» з вельмі высокай доляй верагоднасці зойме іншы беларускі спецыяліст — Леанід Кучук,
пад кіраўніцтвам якога ў сезоне-2012/13 краснадарская каманда заняла 5-е месца і заваявала пуцёўку ў Лігу Еўропы. Калі не здарыцца нічога непрадбачанага, 55-гадовы спецыяліст заключыць кантракт да канца гэтага тыдня.
У цяперашнім сезоне расійскай прэм'ер-Лігі пасля 13 тураў краснадарская каманда знаходзіцца на пятым радку ў турнірнай табліцы, адстаючы ад ЦСКА, які займае другое месца, усяго на адзін бал.





