Распрацоўшчыкі маштабнага праекта «Брэст-2019» падрыхтавалі план, па якім, як мяркуецца, можа развівацца Брэсцкая крэпасць.
Яе тэрыторыю мяркуецца падзяліць на тры асноўныя часткі — музейную, культурную і ландшафтны парк.
Распрацоўшчыкі праекта прыдумалі як паказаць наведвальнікам не толькі фартыфікацыйныя збудаванні, але і сярэднявечны горад, які расейская адміністрацыя пусціла пад знос і на на месцы якога ў 1830 годзе пачала будаўніцтва крэпасці.
Ініцыятары праекта вырашылі, што не будуць адбудоўваць макеты храмаў, а наладзяць іх светлавую рэканструкцыю.
Гэта распаўсюджаная еўрапейская традыцыя — пад канец турыстычнага сезону наладжваць такія мерапрыемствы, распавяла Марына Заўражная, менеджар па камунікацыі праекта «Брэст-2019».
Убачыць шмат якія з не існуючых будынкаў, манастыры, сінагогу старога горада можна будзе, наведаўшы светлавое 3D-шоў.
«Увечары людзі будуць прыходзіць і бачыць стары горад у выглядзе светлавых макетаў», — распавяла Марына Заўражная.





