Расея абвінаваціла ў шпіянажы і выдварыла экс-дэпутата латвійскага Сойма Аляксея Холастава.

Як паведамляецца ў сюжэце расійскага тэлеканала НТВ, Холастаў прызнаўся ў тым, што ён з'яўляецца агентам латвійскіх спецслужбаў.

«Я, Аляксей Холастаў, расеец, грамадзянін Латвіі, два скліканні быў дэпутатам латвійскага парламента. На тэрыторыі Расіі знаходжуся па заданні спецслужбаў Латвіі, якія дзейнічаюць пад кіраўніцтвам ЦРУ», — заявіў ён у сюжэце, паказаным у нядзелю.

Агент пад псеўданімам «Глорыя» — як сцвярджае ФСБ, ён у гэтым прызнаўся, — быў завербаваны 7—8 гадоў таму супрацоўнікамі паліцыі бяспекі МУС Латвіі.

Як паведамляецца, Холастава «злавілі», калі ён «рыхтаваў глебу» для вярбоўкі афіцэра ФСБ Расіі, з якім быў знаёмы раней.

Згодна з тэлесюжэтам, было прынята рашэнне проста выслаць яго з Расіі.

Холастаў у Латвіі ўзначальваў маладзёжную арганізацыю партыі «Цэнтр згоды», што абапіраецца на расейскамоўных выбарцаў. Ён таксама быў сябром праўлення грамадска-палітычнага руху «Патрыёты», меў шырокія сувязі ў палітычных і грамадскіх колах.

У Холастова быў бізнэс-праект пад Юрмалай — пасёлак пад назвай «СССР». Там прадавалі нерухомасць для заможных гасцей з Расіі — бізнэсоўцаў, зорак шоу-бізнесу, паведамляюць латвійскія СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0