Клаус Ёханіс — новы прэзідэнт Румыніі.
У барацьбе за пасаду прэзідэнта Румыніі ў другім туры выбараў 55-гадовы мэр горада Сібіу, правацэнтрыст Клаўс Ёханіс мае відавочную перавагу над сваім супернікам.
Пра гэта сведчаць апублікаваныя звесткі Цэнтральнага выбарчага бюро (ЦЕБ).
Пасля апрацоўкі 33% бюлетэняў Ёханіс набірае 55,79% галасоў, а яго супернік — прэм'ер-міністр, лідар кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Віктар Понта — 44,2%, паведамляе ТАСС.
Яўка ў другім туры выбараў была рэкордна высокай — 62,04%. Гэта на дзесяць адсоткаў больш, чым у першым туры 2 лістапада.
Понта, не чакаючы афіцыйнай інфармацыі бюро прызнаў сваю паразу, павіншаваўшы Ёханіса з перамогай.
«У нас дэмакратычная краіна, — сказаў Понта. — Народ заўсёды мае рацыю».
Ёханіс, 55-гадовы мэр трансільванскага горада Сібіу і этнічны немец, абяцаў выбаршчыкам змагацца з карупцыяй і ўмацаваць незалежнасць румынскай судовай сістэмы.
Румыны складаюць каля 89% насельніцтва Румыніі. Венграў налічваецца каля 7%, немцаў — менш за 1%. Да 1989 года немцы былі трэцяй па памеры этнічнай групай Румыніі. Яны жылі ў шматэтнічнай Трансільваніі. Аднак з адкрыццём межаў большасць іх з'ехала ў ФРГ. Сярод тых, хто з'ехаў, — адна з самых знакамітых румынскіх немак, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Герта Мюлер.
Карэспандэнты Бі-бі-сі адзначаюць, што вынік выбараў маглі вырашыць галасы велізарнай румынскай дыяспары.
Многія з 4 мільёнаў грамадзян Румыніі, якія жывуць за мяжой, былі незадаволеныя прэм'ерам. Понта — палітык левага толку, а ягоная палітычная сіла ў большай ступені звязаная з Расіяй.
Траян Бэсэску, які займаў пасаду прэзідэнта два тэрміны, пакідае пасаду. Румынія — адна з найбяднейшых краін ЕС, няглядзечы на невялікі эканамічны рост (дзякуючы прэм'еру Понту) апошнія гады, у краіне захоўваецца вялікі ўзровень карупцыі.
У першым туры за Понту прагаласавалі 40%, за Ёханіса — 30%, і экзіт-полы аддавалі перавагу Понту.
Перамога Ёханіса — праява зменаў у свядомасці румынаў, умацавання грамадзянскага, а не этнічнага яе кампанента.