15 лістапада ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) адбылося святкаванне 150-годдзя з дня асвячэння парафіяльнага касцёла на Залатой Горцы. Урачыстую Імшу з нагоды юбілею святыні ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Святочная праграма пачалася малітвай удзячнасці з нагоды юбілею. Адбыліся гістарычная канферэнцыя «Залатагорская святыня», а таксама прэзентацыя памятнага альбома, прысвечанага касцёлу. Перад сабранымі выступіў Залатагорскі хор.

«Сто пяцьдзясят гадоў таму, 1 лістапада 1864 г., у прыгарадзе Мінска быў кансэкраваны новазбудаваны касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха», — нагадаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас Імшы, звяртаючыся да прысутных. Арцыпастыр дадаў, што ў гэты дзень сэрцы вернікаў перапоўнены радасцю, бо касцёл на Залатой Горцы перажыў цяжкія часы ганенняў і пэўны час выкарыстоўваўся як зала камернай музыкі Белдзяржфілармоніі, але «ў рэшт рэшце ізноў з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам».

Мітрапаліт назваў касцёл на Залатой Горцы «помнікам нашай веры, малітвы і хрысціянскай традыцыі на нашай зямлі», месцам спаткання чалавека з Богам – у тым ліку ў канцэртах духоўнай музыкі, музычным фестывалі «Залатагорская ліра». Іерарх нагадаў, што з гэтай святыні па традыцыі пачынаецца эўхарыстычная працэсія Божага Цела, тут у Вялікі пост праходзіць інсцэнізаваны Крыжовы шлях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?