Пра тое, што расійскія вайскоўцы ваююць у Данбасе, іх родныя спачатку не ведалі. Стваральнік суполкі «Груз-200» Алена Васільева ўзяла на сябе мужнасць казаць ім праўду. Ад тых, каму гэтая праўда не падабаецца, не раз атрымлівала пагрозы і абразы.
Колькасць удзельнікаў групы імкліва памнажацца, сёння іх — 28 тысяч. У Расіі ўжо ніхто не хавае, што яе армія ваюе на ўсходзе Украіны. Алена Васільева распавядае, што кантрактнікі і салдаты тэрміновай службы адмаўляюцца ехаць на Данбас, пад вайсковымі часткамі збіраюцца пікеты сваякоў.
У пачатку кастрычніка Алена Васільева паехала ва Украіну, паабяцаўшы даць бацькам расійскіх вайскоўцаў неабвержныя доказы ўдзелу іх дзяцей у вайне на Данбасе. Абяцанне выканала. Зрабіла не толькі здымкі, але і гадзінны фільм — «Украіна: у пошуках праўды». Пранізлівае дакументальнае кіно, знятае ўсяго толькі на айпад, не пакідае Крамлю ніякіх шанцаў.
— Алена, дзе вы паспелі пабываць ва Украіне?
— За паўтара месяца аб'ехала ўсю зону АТА, увесь усход, ажно да Марыупаля, была ў акопах, якія рылі там мясцовыя жыхары, гутарыла з параненымі, бачыла пахаванні невядомых расейскіх салдат, пазнаёмілася з валанцёрамі. Усё шукала «злосных бандэраўцаў», але сустракала толькі сумленных, працавітых, прыстойных і спагадлівых людзей. Праўда, двух «бандэраўцаў» усё ж знайшла — у выглядзе помнікаў у Львове і ў Цярнопалі. Фільм мне дапамаглі змантаваць у Адэсе на «7-м канале». У мяне засталося яшчэ шмат матэрыялу, але я паспяшалася выкласці фільм у сетку, калі стала ясна, што на Данбас ідуць новыя калоны з расійскай тэхнікай. Мне хацелася як мага хутчэй паказаць яго і расіянам, і еўрапейцам. Вельмі важна, што людзі ў фільме кажуць без фальшу, ад першай асобы, а не так, як робіцца гэта на «Кісялёў-ТБ». Фільм выкладзены нядаўна, але мне ўжо тэлефанавалі з Лондана і Нью-Ёрка для таго, каб спытаць дазволу перавесці яго на ангельскую. Мне б хацелася, каб паказы фільма прайшлі і ва Украіне, і здымкі яго абмеркаванняў на рускай мове з'явіліся б у інтэрнэце. Хай у Расіі ўбачаць, што рускамоўныя ўкраінцы не разумеюць, якога чорта яе салдаты робяць у іх краіне.
— А водгукі з Расіі ёсць?
— Пішуць і тэлефануюць афіцэры. Расказваюць, што пасылаць на Данбас ужо няма каго. Вайскоўцы робяць усё, каб не трапіць на вайну, — бяруць бальнічныя, адпачынак па сямейных абставінах ці проста наадрэз адмаўляюцца ехаць ва Украіну. З вайсковай часткі ў Каменцы пад Санкт-Пецярбургам 300 чалавек адмовіліся, больш за 200 — у Мурманскай вобласці, тое ж самае — у Омску. Афіцэры кажуць, што ледзь 100—150 чалавек набіраецца замест 3—4 тысяч па разнарадцы.
— Што пагражае тым, хто адмаўляецца ехаць ва Украіну?
— Звальненне. Але людзі кажуць: маўляў, халера з ім, хай звальняюць, абы выжыць. У Каменцы, пад Выбаргам, дзе дыслакуюцца мотастралковыя падраздзяленні, жанчыны збіраюцца пад КПП кожныя выхадныя, з іншых рэгіёнаў прыязджаюць, патрабуюць, каб салдат не адпраўлялі ва Украіну. Але я ведаю, што дзве брыгады адтуль ужо паехалі на Данбас. І калі раней ваенныя калоны з Расіі ішлі без апазнавальных знакаў, то, мяркуючы па відэа, якое дасылаюць мне афіцэры, на тэхніцы ўжо адкрыта пішуцца абазначэнні брыгад — цяпер хоць вядома, куды адпраўляць «груз-200».
— А колькі такіх «грузаў» у Расею ўжо прыйшло?
— Чатыры з паловай тысячы, не менш. Падлічыць дакладна складана, тым больш што на мяжы з'явіліся перасоўныя крэматорыі, у якіх цела спальваюць адразу. На днях пскоўскі дэпутат Леў Шлосберг атрымаў адказ з Галоўнай ваеннай пракуратуры РФ на свой запыт аб абставінах гібелі дэсантнікаў з частак, дыслакаваных у Пскоўскай вобласці. Яму адказалі: маўляў, гэта ваенная таямніца. Афіцэры пішуць, што вайна скончыцца праз месяц, што не пазней, таму што ў Пуціна хутка скончацца салдаты. Пры такім адтоку кантрактнікаў на Данбасе іх будуць замяняць салдатамі тэрміновай службы, а гэта неабстраляныя хлапчукі, якія могуць або загінуць адразу ж, або здацца ў палон.
— Адзін з герояў вашага фільма распавядае, што расійскія ваенныя курсанты, калі іх бралі ў палон, вельмі здзіўляліся: яны былі ўпэўненыя, што знаходзяцца на вучэннях у Растоўскай вобласці, дзе проста здаюць залікі па стральбе, не падазраючы, што страляюць на самай справе ва ўкраінскіх салдат. Калі гэта праўда, то подласць іх камандзіраў яшчэ страшнейшая, чым цынізм Пуціна. Для яго гэтыя хлопцы — безаблічная, паслухмяная маса, але ж камандзіры ведаюць кожнага, каго даверылі ім бацькі, па імёнах…
— Вось таму да мяне ўсё часцей звяртаюцца з пытаннем: як здацца ў палон? Так і просяць — растлумачыць працэдуру. Пішуць і жонкі маладых кантрактнікаў, і самі хлопцы. Гэта тыя, хто не хоча страляць.
— Бацькі расійскіх вайскоўцаў спрабуюць самі адшукваць сляды сваіх зніклых дзяцей?
— Я чула, што шукаюць. Але вось нядаўна здарылася дзіўная гісторыя. Прыйшла інфармацыя аб гібелі былога расійскага паліцэйскага з Екацярынбурга Паўла Буланава, забітага падчас штурму данецкага аэрапорта 30 кастрычніка. На ім быў швэдар з нашыўкай патрульна-паставой службы паліцыі УМВД па Екацярынбургу, былі пашпарт, ваенны білет і індывідуальны жэтон. Цела Буланава да гэтага часу знаходзіцца ў моргу Краснаармейска. Калі я выклала інфармацыю пра яго на старонцы нашай групы, сталі пісаць, што гэта хлусня, а калі відэа выклалі, Буланава пазналі. Цяпер пытаюцца, як цела можна забраць. Я адказала: праз ваенкамат. Яны быццам бы і хочуць прыехаць, але баяцца. Я прапанавала сустрэць іх у Кіеве, але мне напісалі, што ў маіх паслугах не маюць патрэбы — маўляў, «вы з журналістамі прыйдзеце, а мы хочам па-ціхаму яго забраць». На што я адказала: «Забіваць гучна ехалі, дык чаму ж забіраць — па-ціхаму?»
— Вам у Расію вяртацца не страшна?
— Мне ўжо паведамілі, што на мяне ў Расіі заведзена крымінальная справа. Банкаўскія карткі, у тым ліку і пенсійная, заблакаваныя. У Мінабароны РФ наогул заявілі, што я — гэта не я, а мой блог вядзе супрацоўнік Дзярждэпартамента ЗША. З расійскіх цэнтральных тэлеканалаў мяне назвалі вар'яткай. Нейкі генерал-маёр назваў мяне ўкраінскай шпіёнкай з агентурнай сеткай. Калі 28 тысяч удзельнікаў суполкі «Груз-200» можна лічыць агентамі, то сетка ў мяне і напраўду вялікая. Вяртацца, вядома, трэба. Па-першае, я з'язджала паўтара месяца назад, без цёплых рэчаў, па-другое, калі я папрашу палітычнага прытулку ва Украіне, тролі ў групе будуць пісаць, што я дзеля гэтага толькі і старалася. Але я разумею, што, калі вярнуся, мяне альбо папруць у вар'ятню альбо ў турму ці пусцяць мне кулю ў лоб. Хоць я люблю сваю краіну — там жа вельмі шмат і нармальных людзей. Але спяшацца туды я дакладна не буду.