Брытанская гандлёвая сетка Sainsbury’s зняла да Калядаў ролік, які прысвечаны так званаму «Каляднаму перамір'ю» падчас Першай сусветнай вайны.
7 снежня 1914 года Папа Бенедыкт ХV заклікаў варагуючыя бакі да перамір'я на час калядных святаў «хаця б у ноч, калі спяваюць анёлы».
За тыдзень да Раства 1914 года ў многіх месцах Заходняга фронта жаўнеры брытанскай, нямецкай і французскай армій пачалі стыхійна віншаваць адзін аднога са святамі ды спяваць калядныя спевы ў траншэях.
24 і 25 снежня жаўнеры пачалі сустракацца на нічыйнай зямлі паміж акопамі і абменьвацца невялікімі падарункамі — звычайна ежай і тытунем. Аднойчы брытанскія і нямецкія жаўнеры зладзілі гульню ў футбол.
Адбылося перамір'е і на некаторых адрэзках фронту паміж Расіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Шакалад, які брытанскі жаўнер падараваў немцу ў роліку Sainsbury’s, будзе прадавацца ў супермаркетах за 50 пенсаў. Зборы пойдуць на дапамогу брытанскім ветэранам.