«Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падвяла вынікі выбараў новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў. Выбраны 16 акадэмікаў і 28 членаў-карэспандэнтаў»,
— растлумачылі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Выбары адбыліся ў час сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 13 і 14 лістапада. На 24 вакансіі акадэмікаў і 39 вакансій членаў-карэспандэнтаў прэтэндавалі 40 і 118 кандыдатаў адпаведна. Самы вялікі конкурс адзначаны сярод кандыдатаў на званне акадэміка па спецыяльнасці «біятэхналогія раслін» (чатыры чалавекі на месца). Сярод кандыдатаў на званне члена-карэспандэнта больш за ўсё прэтэндэнтаў было па спецыяльнасці «тэхналогіі машынабудавання» (сем чалавек на месца).
Сярод новых акадэмікаў — тры члены Бюро Прэзідыума Акадэміі навук: першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Сяргей Чыжык, намеснікі старшыні Прэзідыума НАН Сяргей Кілін і Аляксандр Сукала, два акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук НАН, пяць дырэктараў інстытутаў Акадэміі навук. Акадэмікам па спецыяльнасці «кардыяхірургія» стаў вядомы кардыяхірург, загадчык лабараторыі хірургіі сэрца ДУ РНПЦ «Кардыялогія» Юрый Астроўскі, па спецыяльнасці «прыборабудаванне» — дырэктар Навукова-тэхнічнага цэнтра «ЛЭМТ» БелОМА Аляксей Шкадарэвіч.
Сярэдні ўзрост нававыбраных акадэмікаў — 61 год.
Сярод 28 выбраных членаў-карэспандэнтаў — два акадэмікі-сакратары аддзяленняў навук НАН Беларусі, шэсць кіраўнікоў арганізацый Акадэміі навук, дырэктар ААТ «КБ Радар» — кіруючая кампанія холдынга «Сістэмы радыёлакацыі» Сяргей Кастраміцкі, шэраг вядомых вучоных-медыкаў, у тым ліку дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі. Сярэдні ўзрост нававыбраных членаў-карэспандэнтаў — 60 гадоў.
Выбары акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі праводзяцца адзін раз у 2,5-3 гады ў межах існуючых вакансій па спецыяльнасцях, што зацвярджаюцца Прэзідыумам НАН.





