Праект новай расійскай арбітальнай станцыі распрацаваны «Раскосмасам», паведамляе «Ъ». Яе разгортванне з 2017 года Расія можа пачаць замест удзелу ў праекце Міжнароднай касмічнай станцыі.
Абавязкі, якія Расія да 2020 года ўзяла на сябе па МКС, будуць выкананыя. Але Расія не мае намераў працягваць эксплуатацыю МКС далей за 2024 год — прынамсі так заявіў віцэ-прэм’ер Расіі Дзмітры Рагозін у маі 2014 года. Частка модуляў, якія раней прызначаліся для МКС, будуць выкарыстаныя ў новай расійскай станцыі.
«Вывад на арбіту расійскай высокашыротнай арбітальнай станцыі будзе адной з ключавых прапаноў праекту развіцця пілатаванай касманаўтыкі на перыяд да 2050 года», — паведамляе крыніца «Ъ «, блізкая да кіраўніцтва НДІ машынабудаўніцтва.
Пачатковая канфігурацыя будзе фармавацца на базе касмічнага апарата «ОКА-Т «, эксплуатацыю забяспечаць караблі «Саюз-МС» і «Прагрэс-МС».
Ад уласнай касмічнай станцыі «Мір» Расія адмовілася ў 2001 годзе — сярод іншых прычын быў высокі кошт, 200 млн даляраў на год. Зараз на МКС Расія мае права на палову экіпажу, але траціць на праект у шэсць разоў меней за ЗША.





