Грамадскага актывіста Алеся Меха выклікаюць у Кобрынскі РАУС. Як паведаміў па тэлефоне ўчастковы лейтэнант Анатоль Тарасюк, на Меха заведзена адміністрацыйная справа як на «ўдзельніка паўстання ў Свіслачы». Можна было б пасмяяцца, бо інжынер-газавік замалады для ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага.

Але нічога смешнага ў сутнасці няма. Алесь Мех апошнія 6 гадоў штогод ездзіць у Свіслацкі раён на радзіму Кастуся Каліноўскага на дзень яго нараджэння. Туды з'язджаюцца беларускія патрыёты і з іншых гарадоў. «Мы аддаем даніну павагі нашым продкам і тым людзям, якія змагаліся за нашу і вашу вольнасць», — расказвае Мех.

І вось, спецслужбы з дапамогай міліцыі вышукваюць і штрафуюць людзей, што бралі ўдзел ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белым сцягам. Гэта дэманструе іх сутнасць гэтых уладаў Беларусі, лічыць Алесь Мех.

Кастусь Каліноўскі, нацыянальны герой Беларусі, вырас у вёсцы Якушоўка. Цяпер гэта Свіслацкі раён, край Белавежскай пушчы. Там на месцы сядзібы Каліноўскіх стаіць памятны знак.

Сёлета на ўшанаванне сабралася каля ста чалавек. За правядзеннем мерапрыемства ўвесь час сачылі міліцыянты са Свіслацкага райаддзелу міліцыі, здымалі на відэакамеры, фіксавалі прысутных. Але затрыманых не было. Затое цяпер з людзьмі «разлічваюцца» на месцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?