Падаткавікі Ленінскага раёна Магілёва прапануюць незалежнаму журналісту прыйсці ў інспекцыю 20 лістапада 2014 года да намесніка начальніка аддзела — спадарыні Каральковай. Нагода для візіта — падача падатковых дэкларацый (разлікаў) па падаходным падатку з фізічных асобаў за 2010—2013 гады (даходы, якія былі атрыманыя з-за мяжы). Пры сабе падаткавікі просяць мець пашпарт, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць рэзідэнцтва ў Расійскай Федэрацыі.

Алесь Буракоў адзначае, што гэта ўжо трэцяя падобная позва з падатковай інспекцыі за апошнія некалькі месяцаў:

— Яны самі не ведаюць, што ад мяне хочуць. Першы выклік быў 1 ліпеня, і я перакананы, што яго інспераваў наш КДБ, а не падаткавікі. Хацелі, каб я запоўніў дэкларацыю аб прыбытках. Другі візіт супаў з заведзенай на мяне маёрам Пугачовым адміністрацыйнай справай нібыта за парушэнне мной заканадаўства аб СМІ, у адпаведнасці з якім я супрацоўнічаў з замежным СМІ без акрэдытацыі і быў за гэта пакараны штрафам у памеры 6,5 мільёна рублёў. Тым часам я казаў, што каля трох гадоў працаваў на тэрыторыі Расіі.

Алесь Буракоў падкрэслівае, што ў міліцыі праваахоўнікі шукалі ў канфіскаваным у яго камп'ютары ўсё, што датычылася ганарараў, грошай, сайтаў «Свабоднага фармату» і «Дойчэ Вэле». Гэта вынікала з рапарту маёра Пугачова.

— Натуральна, што нічога не знайшлі. Мяне ва ўсім гэтым здзіўляе той факт, што позвы і апавяшчэнні з дзяржаўных органаў да мяне даходзяць поштай, а вось адказы з пракуратуры і суда недзе губляюцца, — кажа журналіст.

Алесь Буракоў адзначае, што падаў касацыю з нагоды вынесенага яму штрафа ў памеры 6,5 мільёна рублёў, і судовае пасяджэнне з гэтай нагоды адбудзецца 20 лістапада. Дзіўным чынам дата суда супала з візітам у падатковую. Журналіст падкрэслівае, што такім чынам яму спрабуюць перашкодзіць у падрыхтоўцы да судовага працэсу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?