Анатоль Вярцінскі любіць цытаваць амэрыканскага паэта Р. Фроста, які саромеўся называць сябе паэтам, гаворачы, што «павінен быць пачцівы страх перад гэтым словам, бо гэта ўсё адно што сказаць пра сябе: «Я — добры чалавек». Анатоль Ільліч таксама чалавек сьціплы, не называў сябе паэтам і – увёў у зман грамадзкасьць.

У 1951-м, не ведаючы, што ён паэт, рэктар БДУ залічыў яго на аддзяленьне журналістыкі; у 50-я рэдактары раённых газэт у Давыд-Гарадку, Камянцы, Клімавічах і Рагачове патрабавалі ад яго не натхнёных паэтычных радкоў, а апэратыўных зьвестак пра надоі і ўраджаі; у 1986-м, не шкадуючы паэтычны талент А. Вярцінскага, ЦК КПБ зацьвердзіў яго на пасадзе галоўнага рэдактара тыднёвіка «ЛіМ»; у 1987-м той жа ЦК, забыўшыся, што ў А. Вярцінскага паэтычная ранімая натура, паслаў яго ў «горад жоўтага д’ябла» Нью-Ёрк на сэсію ААН; у 1990-м выбарнікі, не падазраючы, якія вобразы і мэтафары даймаюць Вярцінскага па начах, абралі яго сваім дэпутатам у Вярхоўны Савет. Ага, ледзь не забыўся – у 1988-м Анатоль Ільліч дачакаўся-такі дзяржаўнага прызнаньня і атрымаў Дзяржпрэмію, праўда, не за паэзію, а за кнігу нью-ёркскай публіцыстыкі. Але варта тройчы і чацьвёрачы падкрэсьліць: Анатоль Вярцінскі – найперш Паэт, паэт літасьцю нябёсаў. 

Малавядомы факт: яго паэма «Заазер’е» выйшла спачатку ў Лёндане, а потым у Нью-Ёрку.

І гэта падчас халоднай вайны, у 70-я, калі падобнае для савецкага пісьменніка выглядала сьмяротным грахом. У прадмове да тае публікацыі ўкраінскі паэт (і заўзяты антысаветчык) Леанід Палтава пісаў: «Аўтар паэмы падкрэсьлівае, што сапраўдным «старэйшым братам» для беларускага народу ёсьць ня нехта, а на дадзеным этапе барацьбы за свабоду – родныя нацыянальныя традыцыі, родная мова, свае народныя звычаі, у супрацьстаўленьні да маскоўска-бальшавіцкага ўсеімпэрскага казана, у якім – СССР – павінны былі ператоплівацца ўсе іншыя нацыі і народы на карысьць шавіністычна настроенага расейскага». Уражвае? Думаю, аўтар таксама быў уражаны – у 1990-м, калі ўпершыню ўбачыў сваю замежную кніжку. 

А ўсё астатняе – дадатак. Праўда, ён таксама можа быць істотны. Менавіта пры Вярцінскім рэдактары ў 1988-м на старонках «ЛіМа» зьявілася самая славутая публікацыя ў гісторыі тыднёвіка – артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

А. Вярцінскі ўваходзіў у групу з 35-ці дэпутатаў, якія распрацавалі ў 1990 г. Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, па яго прапанове 27 ліпеня было абвешчана Днём Незалежнасьці. Разумеючы архіважнасьць вырашэньня нацыянальных праблем, паэт-дэпутат прапаноўваў пры фармаваньні новага ўраду заснаваць Міністэрства па справах нацыі. Пра многія няспраўджаныя ініцыятывы Вярцінскага сёньня можна толькі пашкадаваць.

Калі ў нашай мэдыя-прасторы чарговым разам усчынаюцца дыскусіі пра інтэграцыю, мытныя і эўразійскія саюзы ды (згінь, нячыстая сіла!) пра «саюзную дзяржаву», я для ўласнага супакаеньня паўтараю словы паэта, сказаныя яшчэ ў 1991-м: «Беларусы асуджаныя на сувэрэнітэт». Не, што ні кажы, мудры чалавек – Анатоль Ільліч Вярцінскі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?