Кіраўнік Міністэрства замежных спраў ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што пытанне па развядзенні канфліктуючых бакоў на ўсходзе Украіны блізкае да вырашэння.
Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў з кіраўніком расійскага МЗС Сяргеем Лаўровым, піша расійскі «Інтэрфакс».
«Першаступеннае значэнне мае раз'яднанне бакоў, і мы можам сказаць, што мы дастаткова блізка да вырашэння гэтага пытання», — заявіў Штайнмаер.
«Цяпер мы павінны сачыць за тым, каб адказныя асобы з войскаў падпісалі гэты дакумент», — адзначыў ён.
На думку кіраўніка МЗС ФРГ, пасля падпісання такога дакумента можа пачацца «адвод цяжкага ўзбраення з зоны канфлікту».
Гаворачы аб выніках перамоваў з Лаўровым, Штайнмаер адзначыў, што «наша пакаленне не павінна дапусціць новага расколу Еўропы, каб ніколі больш мы з партнёраў не ператварыліся ў праціўнікаў».
«Мы гаварылі пра Украіну, але на самой справе гаворка ідзе пра большае. Таму я тут. Мы павінны разам разгледзець пытанне, ці не знойдуцца ў нас магчымасці паскорыць Мінскія дамоўленасці, пераадолець недавер, што вырас паміж намі ў апошнія месяцы», — падкрэсліў ён.





