Сярод тых, хто, незалежна ад даўніны, сышоў у іншы свет, ёсць людзі, фізічная адсутнасць каторых не перашкаджае адчуваць іх побач — размаўляць з імі, раіцца, вымяраць сучасныя падзеі жыцця іх назапашаным досведам, што ў тым ці іншым увасабленні прайшоў цяжкое выпрабаванне сумленнем.

Найперш, зразумела, гэта бацькі. Але ці не ў роўнасці з імі — старэйшыя за цябе сябры. Дакладней тыя, хто адарыў цябе сяброўствам — ці то цягам жыцця, ці то на схіле сваіх гадоў.

на фота — Аляксандр Дракахруст, з архіву Сяргея Ваганава

на фота — Аляксандр Дракахруст, з архіву Сяргея Ваганава

 «…з нязменнай — сапраўды бацькоўскай — любоўю…» — такі надпіс пакінуў мне Аляксандр Дракахруст на сваёй першай кнізе ўспамінаў «Что было, то — было», выдадзенай у 2006 годзе. У 2008­-м пад той жа назвай выдадзены працяг. Па сутнасці — гэта адна кніга. Сёння яна ізноў на стале.

Сёння, калі пішу, 14 лістапада — шэсць гадоў, як Аляксандра Дракахруста няма. Але — ёсць.

…«Цяжкая, — пажартаваў ён, нібыта ўзважваючы яе, — ажно дзвесце экзэмпляраў!»

Згадалася гісторыя, што здарылася з Аляксандрам Блокам у галодным і халодным Петраградзе. Яе расказваў знакаміты ў мінулым стагоддзі літаратар і апавядальнік Іраклій Андроннікаў. У той петраградскі дзень быў страшэнны мароз, на лекцыю Блока, пра якую было шырока аб’яўлена, прыйшоў усяго адзін чалавек. Саграваючы дыханнем пальцы, Блок амаль тры гадзіны чытаў лекцыю таму чалавеку.

Сёння ў той гісторыі здзіўляе не столькі Блок, колькі чалавек, які тры гадзіны слухаў. Для чаго, вядома, трэба было быць Блокам…

Можна, безумоўна, зразумець літаратараў, якім хочацца, каб іх творы прачытала як мага больш людзей. Але ёсць літаратары, якім толькі гэта і важна.

Адначасова з кнігай Аляксандра Дракахруста з’явіліся мемуары іншага, дастаткова вядомага, беларускага літаратара. Амаль усе яны прысвечаны ўласнай асобе. Астатнім удзельнікам гістарычнай драмы, што разгарнулася на мяжы стагоддзяў, адведзена роля статыстаў, а некаторыя з іх з’яўляюцца ў кнізе адное што для звядзення рахункаў. Асабліва замілоўваюць старонкі, на каторых друкуюцца ўсялякія рэзалюцыі, пастановы і факсімільныя копіі дакументаў, чыё аўтарства пазначана пячаткай уражанага генія. Ну, як не замілавацца паштоваму паведамленню пра тое, што тэлеграма, якую паслаў аўтар, дайшла да адрасата, калі адрасат жыве ў Крамлі і прозвішча ягонае — Гарбачоў!

І ўсё гэта чамусьці завецца гістарычнай праўдай.

Сёння ў тое, што прынята лічыць мемуарыстыкай, уцягнута даволі вялікая колькасць сучаснікаў. Як правіла, праз газеты, часопісы ды інтэрнэт, што, так бы мовіць, па «накладах» далёка перавышае згаданыя «дзвесце экзэмпляраў». Але чытаеш некаторыя і, акрамя цікавасці, адчуваеш сорам. Сорам за дзяльбу гістарычнага пірага, за месца ў няздзейсненым пантэоне славы, за тое ж звядзенне рахункаў, з чаго адыходзіць на другі план, калі не знікае зусім, такі неабходны ўсім нам вялікі Рахунак Гісторыі.

Між тым, мемуары, як ніякі іншы жанр, патрабуюць ад аўтара спавядальнай шчырасці, мужнасці і самаадмаўлення, у тым ліку ад спакуслівай магчымасці ўзвесці сябе каханага на гістарычны п’едэстал. І ўсё гэта абсалютна не залежыць ад колькасці экзэмпляраў.

Было б вельмі добра, каб іншыя літаратары, што сыходзяць у палітыку, ці палітыкі, што робяцца літаратарамі, заўжды бралі ў прыклад быкаўскую «Доўгую дарогу дадому», «На выспе ўспамінаў» Валянціна Тараса…

«Что было, то — было» Аляксандра Дракахруста — у гэтым шэрагу. Мо апошняя на сёння ў мастацкай беларускай мемуарыстыцы.

Чатыры эпохі адлюстраваліся ў кнізе: сталінская, з яе ГУЛАГам і выкідам ў антыфашысцкую вайну, хрушчоўская «адліга» з пераходам у антысталінізм шасцідзясятнікаў, гарбачоўская перабудова, што пайшла ў ельцынскі прарыў, пуцінская рэстаўрацыя і лукашэнкаўскае ўсеўладдзе, якое засланіла гістарычную перспектыву…

Пры ўсіх адрозненнях тэмпераментаў, таленту, гістарычнага матэрыялу і жыццёвага досведу названых пісьменнікаў іх яднае не толькі фактычная прыналежнасць да аднаго пакалення, бескарыслівае сяброўства пры жыцці і духоўная блізкасць, але і бязлітаснае, найперш да саміх сябе, патрабавальнае спасціжэнне праўды. Не ісціны — прэтэнзіі на яе ўласцівы людзям нікчэмным і самаўлюбёным — але праўды. Праз памылкі і аблуды, праз здабыткі і страты, праз раны, смерці і боль…

«…пастарэўшы і стаўшы больш вопытнымі, — піша Аляксандр Дракахруст, — мы ўпэўніваемся: усё (ці амаль усё) ужо было, было — няхай у іншыя эпохі, у іншых умовах, на іншым узроўні, у іншых дэкарацыях…»

«И повторится все как встарь…» — калі вярнуцца да Блока.

Сумнае назіранне. Асабліва сумнае, шчымлівае і трывожнае сёння.

 Але тоіцца ў ім напамін: усё, чым жыве і дыхае чалавек у розныя часы, захоўваецца не толькі памяццю, але і мужным, часам драматычным, непрыманнем хлусні.

Толькі тады пражытае і перажытае, што сышло, здавалася б, у нябыт, робіцца часткай жыцця і імкнення надалей жыць.

Яшчэ і таму — будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?