Так ужо склалася, што з усіх каналаў беларускага тэлебачання па інфармацыйных перадачах аддаю перавагу каналу СТБ. Звычайна гляджу ў 19:30 «24 гадзіны». Стараюся паглядзець і «Міншчыну». Але яе транслююць у нязручны для мяне час. Таму і бачу гэту перадачу зрэдку.
У свой час звярнуў увагу на дыктара «Міншчыны» Сяргея Манько, які гаварыў крыху гугнява, але вымаўленне ў яго было натуральным, мяккім. На нейкі час ён знік з эфіру. Потым з’явіўся зноў, ужо ў якасці рэпарцёра. Цяпер ён гаварыў толькі паруску, што, натуральна, здзівіла. Размовы новаспечанага рэпарцёра з людзьмі, якія яму адказвалі па-беларуску, дакладней, на трасянцы, непрыемна кранулі.
Відаць, таму, што перадачы «Міншчыны» бачу зрэдку, а рэпартажы ў іх сп. Манько адносна кароткія, тая непрыемнасць крыху забылася. Аднак 5 лістапада давялося паглядзець перадачу «Цэнтральны рэгіён», якая была прысвечана найлепшаму паштальёну Міншчыны сёлета Дануце Іванаўне з вёскі Морач Клецкага раёна. Вядоўца перадачы, ужо знаёмы сп. Манько, наважыўся адшукаць крыніцы поспеху гэтай паштаркі шляхам асвятлення яе работы на працягу цэлага працоўнага дня, як у межах пошты, так і па сваёй прасторы дзейнасці.
Было бачна, што Данута Іванаўна ўсхваляваная і напружаная, што кабеце няёмка, падобнае становішча натуральнае.
І зразумела: не кожны дзень трапляеш «у скрыню», дый інтэрв’юеру трэба неяк «адпавядаць». Яна старанна падбірала словы, а атрымлівалася як заўсёды — на трасянцы. Тут сп. Манько варта было разрадзіць напружанасць, падтрымаць суразмоўцу ды загаварыць проста па-беларуску (пэўна, яшчэ не забыў свае дыктарскія звычкі). Так зрабіў бы кожны добры журналіст. Дык не, сп. Манько як быццам не хацеў звяртаць увагі на няёмкае становішча паштаркі і працягваў дапытваць жанчыну па-руску. Потым ён вёў размову з нейкай рускай, якая нейкім чынам трапіла ў тую вёску, а затым — з загадчыцай пошты, якая таксама прадэманстравала сваё веданне рускай мовы. У абедзвюх апошніх размовах усё атрымалася большменш натуральна.
На гэтым высвятленне паштовых праблемаў і сувязяў у вёсцы Морач не скончылася. Сп. Манько, несумненна, для лепшага вырашэння пастаўленай мэты, працягнуў допыты лаўрэата года Міншчыны і жыхароў вёскі. Яны, канешне ж, стараліся «адпавядаць», адказваючы сп. Манько на трасянцы. А ён паранейшаму паводзіў сябе сярод іх іншаземцам.
Амаль палову гадзіны працягваўся ў эфіры гэты рэпартаж, ад якога засталося цяжкае ўражанне. Як можна так непаважліва ставіцца да людзей?
Каму спатрэбілася падобная дэманстрацыя рускасці ў беларускім асяроддзі, ды яшчэ ў перадачы, прызначанай для тых жа беларусаў? 3 якой мэтай гэта так зацята робіцца? Няўжо дзеля таго, каб падказаць мясцовым жыхарам, якая мова больш «прыстойная і правільная» і якой ім жадана карыстацца?
Сумняваюся, што гэта ініцыятыва самога сп. Манько. Хутчэй за ўсё, яму так загадала кіраўніцтва тэлеканала. Колькі яшчэ часу яно будзе навязваць нам свой моўны густ?





