5 лістапада, у сусветны дзень «Станем за журналістыку», сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў сфатаграфаваліся на фоне будынка з графіці — выявамі клетак, з якіх вылятаюць зробленыя з газеты птушкі.

Цяпер удзельнікаў фотасесіі выклікаюць у міліцыю Віцебска і складаюць пратаколы за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі».

18 лістапада да начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Аляксандра Рыбакова выклікалі Змітра Казакевіча.

— Міліцыянт сказаў мне па тэлефоне, што я мушу прыйсці і патлумачыць свой удзел у несанкцыянаванай акцыі. Я вельмі здзівіўся, бо ні ў якіх акцыях не ўдзельнічаў. Аказалася, што «акцыяй» міліцыянт лічыць супольныя фотаздымкі некалькіх чалавек, якія былі выкладзеныя ў сацыяльнай сетцы Facebook.

Супрацоўнік міліцыі паказаў мне раздрукоўкі з сайтаў, дзе гэтыя фотаздымкі таксама былі апублікаваныя. І сказаў, што ў тэксце да гэтых фотаздымкаў гаворыцца, што гэта была акцыя, хоць такога слова я там не заўважыў — гаварылася толькі, што журналісты фатаграфаваліся, правялі фотасесію.

На нашых фотаздымках выразна відаць, што мы не трымаем плакатаў, нічога не крычым і не патрабуем. Так што абвінавачанне лічу абсалютна беспадстаўным. І напісаў у пратаколе, што з фармулёўкай супрацоўніка міліцыі я не згодны.

На сябра арганізацыі быў складзены пратакол аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Суд па справе Змітра Казакевіча прызначаны на 28 лістапада.

Па той самай справе тэлефонныя запрашэнні ў міліцыю атрымалі яшчэ некалькі чалавек. БАЖавец Кастусь Мардзвінцаў распавёў пра свой візіт у міліцыю:

— Аляксандр Рыбакоў склаў пратакол пра парушэнне мною артыкула 23.34 КоАП — нібыта я ўдзельнік несанкцыянаванай акцыі. Ён казаў, што я выказваў свае грамадскія інтарэсы, меркаванні і гэтак далей, калі фатаграфаваўся на фоне закінутага будынка былога Дома культуры. Я спрабаваў тлумачыць: «На гэтым будынку — вельмі прыгожы малюнак, які любяць многія жыхары Віцебска, у тым ліку і журналісты. Дык што, малюнак таксама крамольны, і «выражае нейкія грамадскія меркаванні»? І мастака таксама будуць прыцягваць да адказнасці?»

На гэтыя пытанні міліцыянт Аляксандр Рыбакоў адказаў, што да мастака прэтэнзій няма, бо гэта, маўляў, было даўно. Урэшце я адмовіўся даваць нейкія тлумачэнні, апеляваўшы да артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дае кожнаму права не сведчыць супраць сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?