Ленінскі суд Горадні прызнаў Вольгу Крапоціну вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе ўлётак з тэкстам «Верните Крым! Руки прочь от Украины» і «Ганьба здраднікам Радзімы з «трыкалорам» у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!». Яна клала першыя пад дворнікі аўто з расейскімі нумарамі, а другія — на беларускія аўто з расійскімі сцяжкамі. Сёння гераіня суда расказала падрабязнасці працэсу ў сябе ў Фэйсбуку.
«Па матывах учарашняга цырку абсурдаў.
Здаецца, пераканалася, што чалавек душу д’яблу прадае аднойчы і назаўжды.
Сёння, не думаючы пра сваіх нашчадкаў, людзі ствараюць беззаконне вакол сябе, а заўтра не разумеюць, «чаму майго сыночка злы ДАІшнік штрафануў безпадстаўна…»
Усё, што стварае чалавек у гэтым свеце (тым больш нематэрыяльнага), застаецца тут назаўсёды. І гэта не карма, а просты закон захавання энергіі.
Мне цяжка, нават немагчыма зразумець, як чалавек можа хлусіць пад судом. Мне немагчыма зразумець, як можа «праваахоўнік» апраўдвацца за сваё беззаконне выразам «Порядок у нас такой». Я не магу зразумець, чаму недурны чалавек, адукаваны юрыст, суддзя жадае жыць у краіне, дзе кіруюць міліцыянты, няздольныя без падказкі звязна выказвацца, ці стукачы, што лапаюць грамадзян на вуліцы, і баіцца, што да ўлады раптам прыйдуць «такія як я». Мне немагчыма зразумець, як суддзя Высокага Суда РБ можа выносіць рашэнне праз… секунду пасля завяршэння разгляду справы…
Гэта пекла! Не зайздрошчу я ім!
Я так разумею, галоўнае, чаго дабіваліся — даказаць «масавасць», адсюль пытанні кшталту «Как Вы думаете, могли ли данную листовку видеть другие граждане?». Абсурд самога абвінавачвання яны сарамліва і ціха апускаюць і ўсяляк абмінаюць.
Мусіць, самымі яркімі фразамі ўчарашняга судзілішча з’яўляюцца:
«…Вот так надо отвечать на вопросы суда, учитесь» (Бубенчык аднаму са сведкаў-міліцыянтаў).
«Не помню, что там было, что-то про Майдан, «Свободу ливонскому народу» (першы міліцыянт-сведка суду).
«Я, честно говоря, не помню, что-то там про Майдан, про Украину. Вроде «Свободу львовскому народу» (другі міліцыянт-сьведка).
«К нам подбежал человек, сказал, что тут девушка раскладывает листовки оппозиционного характера…» (другі міліцыянт-сведка мне).
«Я Вас задержал, потому что мне старший смены сказал доставить Вас в ОПОП для дальнейшего разбирательства. Порядок у нас такой» (другі сведка-міліцыянт мне).
«Давайте я Вам объясню, чтобы не было больше однотипных вопросов свидетелю. Милиционер — исполнитель. Он получает и выполняет приказы…» (суддзя мне).
Слухаць мяне і адказваць на мае пытанні ніхто не збіраўся. Я ім, відавочна, перашкаджала.
Абсурд абсурдаў — судзіць фізічную асобу, грамадзянку РБ, якая не мае аніякага дачынення да СМІ, за «незаконны выраб распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі», згодна з арт. 22.9 КоАП РБ («Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі»), калі, насамрэч, іх усіх разам узятых трэба судзіць згодна з парушэннем маіх канстытуцыйных правоў (арт.34 Канстытуцыі РБ: «Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя»)!
Аднак, спадары, колькі вяровачцы не віцца…»
* * *
Учора ў каментах людзі прасілі кантактаў Вольгі Крапоцінай, каб сабраць ёй грошай на штраф. Мы звярнуліся да яе.
«Вэб-мані ці інтэрнэт-гаманцоў я не маю», — сказала яна.
Таму даслаць ёй сродкі на выплату штрафа можна толькі паштовым пераводам на адрас (з любой пошты):
Крапоціна Вольга Іванаўна
230026 Гродна, вул.Томіна, д.18а, пакой 41
«Я збіраюся абскарджваць пастанову. У выпадку адмены прысуду, перададзеныя мне грошы пойдуць на дабрачыннасць», — папрасіла падкрэсліць Вольга Крапоціна.
Аднак з вопыту вядома, што практычна ніводны «палітычны» прысуд не быў адменены. Таму падтрымка лішняй не будзе.





