30 кастрычніка ў расійскім горадзе Екацярынбургу бізнэсовец з Дагестана з траўматычнага пісталета забіў навуковага супрацоўніка Расійскай Акадэміі навук. Навуковец са сваім калегам зрабілі яму заўвагу аб паркоўцы ягонага аўтамабіля.
Дагестанец паставіў свой люксовы Land Cruiser на аўтобусным прыпынку і пайшоў у краму. Калі ён вярнуўся, то супрацоўнікі Інстытута хіміі цвёрдага цела Уральскага аддзялення РАН Алег Шапаткоўскі і Уладзімір Кузняцоў пачалі выказваць яму свае прэтэнзіі з нагоды парушэнняў правілаў паркоўкі. На вачах у шматлікіх людзей кіроўца пачаў збіваць апанентаў. Пасля дастаў траўматычны пісталет і адкрыў агонь.
Адна з куль трапіла ў галаву Шапаткоўскаму. Пасля гэтага нападнік сеў у машыну і ўцёк з месца злачынства. Вучоны быў шпіталізаваны і дзесяць дзён знаходзіўся ў рэанімацыі, пасля чаго памёр ад атрыманай траўмы.
«Мне 51 год, Алегу Паўлавічу было 56. Ніхто з нас не крычаў, не лаяўся, не накідваўся на яго. Незразумела, чаму ён пачаў страляць. На роўным, фактычна, месцы», — распавёў калега загінулага Уладзімір Кузняцоў.
Забойцам аказаўся 35-гадовы Рашыд Гаджыеў — уладальнік адразу дзвюх будаўнічых кампаній Екацярынбурга.
Справай займаецца Следчы камітэт Расіі.





