Журналісты расійскай газеты «Собеседнік» наведалі Александрыю – родную вёску Аляксандра Лукашэнкі. Апублікаваны рэпартаж насычаны перабольшваннямі.

Журналісты пераказалі некалькі міфаў пра сучасную Беларусь і асабіста пра Аляксандра Лукашэнку. Магчыма, пачулі інфармацыю ад мясцовых жыхароў і не спраўдзілі яе. А магчыма, знарок кіраваліся стэрэатыпамі.

«Ён бывае тут амаль кожныя выхадныя. Адрэстаўраваў бацькоўскі дом (дзе рос і жыў з мамай), – расказвае журналістам пра Лукашэнку мясцовая жыхарка, якая прадставілася як Галіна Нікалаенка. – А насупраць выбудаваў рэзідэнцыю, вунь яна – праз поле. Побач верталётная пляцоўка - прылятае Аляксандр Рыгоравіч на верталёце. І тут жа над рэзідэнцыяй падымаецца сцяг Беларусі». У рэальнасці ж Лукашэнка прыязджае ў Аляксандрыю некалькі разоў на год.

«За высокім плотам прэзідэнт сядзіць нядоўга. Заўсёды знаходзяцца справы. Напрыклад, коле дровы для грамадскай лазні. Пра гэта александрыйцы распавядаюць з гонарам. «Ён за раз машыну дроў можа насекчы! – кажа Нікалаенка. – І сын Коля побач з ім сякеркай махае – бацька з дзіцячых гадоў прывучае яго да працы. Колю 10, і ён ужо таксама з характарам. Мой муж (ён працуе як раз у гэтай лазні апальшчыкам) неяк лазню нацяпліў. Мужчыны вясковыя памыліся, увесь пар выпусцілі. А Аляксандр Рыгоравіч з Колем спазніліся, позна вечарам у лазню пайшлі. І Коля потым выказаў майму мужу: «Дрэнна нацяпліў! У наступны раз рабі гарачэй!» – пераказваюць неверагодныя гісторыі журналісты.

Іншая мясцовая жыхарка, Ганна Акмінская ўзгадала яшчэ адну байку: «Мае пляменнікі неяк – не так даўно гэта было – крычаць яму: «Дзядзька Саша, пагуляйце з намі ў футбол!» – «А давайце!» – адказвае. Пакуль яны мяч шукалі, ён пераапрануўся. І гулялі. Памочнікі сфатаграфавалі, хлапчукам - яны ў Мінску жывуць - потым фатаграфіі даслалі».

Не абышлося ў рэпартажы і без міфічнай багатай даяркі: «[З фермы] выйшла даярка - задаволеная, румяная. «Стамілася? Ніколькі, – усміхнулася на маё пытанне. – У нас робаты працуюць – тэхніку закупілі ў Еўропе. А мы, супрацоўнікі, толькі кантралюем працэс». Яна села за руль новенькай іншамаркі і пакаціла».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0