Улады самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» ўводзяць інстытут ваенна-палявых судоў, надзеленых правам вынясення смяротных прысудаў, вынікае з паведамлення на сайце прэс-цэнтра сепаратыстаў, апублікаванага 20 лістапада.
Гэтыя суды будуць дзейнічаць «у раёнах, якія знаходзяцца на вайсковым становішчы, а таксама раёнах ваенных дзеянняў».
«Ваенна-палявым судам даецца права разглядаць справы па заканчэнні 24 гадзін пасля ўручэння абвінавачанаму копіі абвінаваўчага заключэння, — гаворыцца на сайце. — Склад ваенна-палявога суда: адзін суддзя і два народныя засядацелі з ліку вайскоўцаў, не зацікаўленых у выніку справы».
Там жа прыводзіцца пералік спраў, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю ваенна-палявых судоў. У пераліку, сярод іншага, ёсць «ухіленне ад вайсковай службы ці дэзерцірства», а заканчваецца ён словамі «а таксама іншыя злачынствы і правапарушэнні ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам».
Прысуды ваенна-палявых судоў не падлягаюць касацыйнаму абскарджанню і могуць быць адменены або зменены толькі ў парадку нагляду, паведамляе прэс-цэнтр.





